Спецслужбы працягваюць пераслед удзельнікаў ТГ-канала «Армія з народам». Распачатая крымінальная справа

Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведамляе пра крымінальны пераслед удзельнікаў тэлеграм-каналу «Армія з народам», піша Белсат. 

aux_head_1592848700_20200622_armia_360.gif

21 ліпеня міліцыя затрымала Сяргея Коршуна і Сяргея Лук’янава. У Лукʼянава адбыўся ператрус, супраць яго распачалі крымінальную справу паводле ч.1 арт. 342 КК РБ (арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
Раней, 29 чэрвеня, міліцыя ўжо прыходзіла да Лукʼянава праз канал «Армія з народам». Тады яго затрымалі, а на наступны дзень асудзілі на 50 базавых велічынь (1350 рублёў) па арт. 23.4 і 23.5 КаАП.
У Салігорску выклікалі ў міліцыю Алену Колікаву, каб яна змагла забраць сваю тэхніку, канфіскаваную раней. Але яе затрымалі і даставілі ў Менск, у Цэнтральны апарат Следчага камітэту, таксама ў межах крымінальнай справы па ч.1 арт. 342 КК РБ.
Раней Колікаву ўжо затрымлівалі за ўдзел у тэлеграм-каналу «Армія з народам».
ТГ-канал «Армія з народам» з’явіўся ў чэрвені і з таго часу перыядычна выдаляўся і зноў ствараўся. Агульная колькасць падпісчыкаў дасягала тысячы чалавек. 13 ліпеня першы намеснік міністра ўнутраных справаў Генадзь Казакевіч заявіў, што міліцыя праводзіць перадследчую праверку адносна дзейнасці адміністратараў ТГ-канала «Армія з народам».
«У чаце ажыццяўляліся актыўныя заклікі да аказання сілавога ўздзеяння на супрацоўнікаў АУС і Унутраных войскаў у дзень магчымых масавых пратэстаў», – падкрэсліў намеснік міністра.
Паводле яго, там абмяркоўваліся канкрэтныя спосабы процідзеяння і «магчымыя правакацыі» у дачыненні супрацоўнікаў міліцыі. Пры гэтым у МУС прызнаюць, што некаторыя адміністратары ТГ-канала сапраўды раней працавалі ў сілавых структурах.