Спецкамбінат КБА прайграў справу аб Вайсковых могілках

Суд часткова задаволіў пазовы ў справе аб разбурэнні надмагілляў на Вайсковых могілках, паведамляе svaboda.org.

43756755_2114185571948170_6785636766733828096_n_logo_1.jpg

Суд Фрунзенскага раёну Мінска часткова задаволіў пазоў да спецкамбіната КБА, з якім звярнуліся ў суд жыхары Мінска Данат Яканюк, Ірына Маркевіч і Анжаліка Сяргеева. Ім выплацяць па 1 тысячы рублёў кампенсацыі і пакрыюць судовыя выдаткі. Вёў працэс суддзя Аляксандар Брычкоў.
Помнікі на магілах сваякоў пазоўнікаў былі разламаныя падчас добраўпарадкавання, якое праводзілі ў 2018 годзе працаўнікі спецкамбінату КБА.
 У адным выпадку была зламаная агароджа і крыжы, у двух іншых — таксама былі знішчаныя надмагільныя помнікі. Пазоўнікі казалі, што ім была нанесеная маральная шкода, даказвалі, што іх нават не папярэдзілі пра тое, што на магілах будуць праводзіцца працы, і прасілі спагнаць з спецкамбінату КБА грашовую кампенсацыю — па 10 тысяч рублёў кожнаму. Суд задаволіў пазовы часткова.
«Галоўнае, што суд пацвердзіў: па-першае, спецкамбінат парушыў закон, па-другое, праўда была на нашым баку», — пракамэнтаваў рашэнне суду Данат Яканюк.
Сёння ў судовых спрэчках бакі паўтарылі свае ранейшыя пазіцыі. Пазоўнікі настойвалі на кампенсацыі маральнай шкоды, казалі пра парушэнне спецкамбінатам КБА Кодэксу аб культуры і закону «Аб пахаванні і пахавальнай справе» ды іншых нормаў заканадаўства.
Данат Яканюк назваў грамадскай і маральнай шкодай і тое, што «надгалоўнікі», якія былі ўсталяваныя спецкамбінатам КБА на месцы знесеных помнікаў, у выніку аказаліся без крыжоў, хоць раней на гэтых магілах крыжы былі. У прыватнасці, крыжы былі ўсталяваныя на магілах, якія даглядалі Ірына Маркевіч і Анжаліка Сяргеева, але нават іх выявы на новых помніках не з'явіліся.
Прадстаўнік пазоўніка Валер Жук адносна крыжоў сказаў, што супрацоўнікі спецкамбінату КДБ планавалі пазначыць выявамі крыжоў тыя «надгалоўнікі», якія былі ўсталяваныя на месцы помнікаў з крыжамі. «Але пракуратура вынесла прадстаўленне аб прыпыненні працаў на Вайсковых могілках, і таму зрабіць гэта не паспелі», — патлумачыў Валер Жук.
Пра знішчэнне крыжа і агароджы вакол магілы святара Сяргея Туроўскага прадстаўнік спецкамбінату КБА сказаў, што «гэта была ініцыятыва настаяцеля царквы Мікалая Коржыча», а супрацоўнікі спецкамбінату КБА яе толькі выканалі, таму яны ня могуць несці за гэта адказнасць.
«Ніякай гаворкі аб вандалізме і знявазе помнікаў быць ня можа», — заявіў у канцы сваёй прамовы Валер Жук.
Ён таксама спаслаўся на тое, што няма дакументальных доказаў таго, што ў магілах, за якімі наглядала Ірына Маркевіч, пахаваныя тыя асобы, імёны якія былі пазначаны на помніках. Маўляў, у архівах няма адпаведных папер.
А пра пазоўніка Даната Яканюка Валер Жук выказаў такую версію: той нібыта не дамовіўся наконт грашовай кампенсацыі за разбураную агароджу з настаяцелем царквы, таму і падаў у суд на спецкамбінат КБА. «Мараль тут ні пры чым, проста не сышліся ў цане», — сказаў Валер Жук. Крыніцу, якая нібыта чула размову Даната Яканюка з настаяцелем царквы Аляксандра Неўскага, ён, аднак, не назваў.
«Бабулькі не пойдуць у суд. Яны будуць проста сядзець каля сваіх магіл і плакаць», — сказала ў судовых спрэчках пазоўніца Анжаліка Сяргеева. Яна лічыць, шмат хто яшчэ далучыўся б да іх пазову, але гэта старыя людзі, у якіх на судовыя справы няма сіл і сродкаў.
Пазоўніца мяркуе, што спецкамбінат КБА працаваў на Вайсковых могілках непрафесійна.
«Можна было знішчыць карані дрэва і пень хімічнымі сродкамі, гэта вядомы мэтад, не шкодны зямлі і раслінам, і нашы помнікі б захаваліся, але яны пра гэта нават не задумваліся», — сказала Анжаліка Сяргеева пра кіраўніцтва спецкамбінату КБА.
Цікава, што прадстаўнік пракуратуры ў спрэчках пагадзіўся з тым, што спецкамбінат КБА парушыў нормы закону, але пры гэтым заявіў, што пазоўнікі не прадставілі доказаў нанясення ім маральнай шкоды.
«Прашу суд у задавальненні пазову аб грашовай кампенсацыі маральнай шкоды адмовіць», — сказаў пракурор Раманюк.
Вайсковыя могілкі на вуліцы Казлова ў Мінску — адзін з самых старых некропаляў беларускай сталіцы, яны маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Першыя згадкі пра Вайсковыя могілкі адносяцца да 1840 году, асвячэнне могілак адбылося ў 1895 годзе.