Спартовец-вазочнік з Бабруйску збірае сродкі на ўдзел у Чэмпіянаце Еўропы
Андрэй Ткачук абвесціў збор сродкаў на новай краўдфандынгавай платформе Molamola.
На куплю вёслаў для параканоэ, пульсометра, ахоўных акуляраў і фармакалагічных прэпаратаў неабходна 1450 беларускіх рублёў.
Спартовец збіраецца прыняць удзел у Чэмпіянаце Еўропы па веславанні на байдарках і каноэ. Сродкаў на куплю неабходнага рыштунку для падрыхтоўкі яму бракуе. Чэмпіянат адбудзецца ўжо 18 траўня, таму Андрэй тэрмінова абвесціў збор. А ў жніўні — Чэмпіянат свету, у якім Андрэй таксама спадзяецца прыняць удзел.
«Бабруйскі кур'ер» распавядаў пра Андрэя і яго барацьбу з мясцовымі ўладамі за годнае жыллё. Многія бабруйчане маглі ўбачыць спартоўца на білбордах кампаніі «Спытай мяне» праекту «Парадак 50», накіраванага на рэалізацыю ў Беларусі канвенцыі па правах людзей з інваліднасцю.
Андрэй Ткачук апынуўся ў інвалідным вазку, калі яму было 25 гадоў. Працуючы на будоўлі пад Мінскам, ён зваліўся з лясоў. Веславаннем на байдарках і каноэ малады чалавек заняўся ўжо пасля траўмы. У чэрвені 2016 года на Чэмпіянаце Еўропы ў Маскве Андрэй атрымаў бронзу і спартовае званне майстра спорту міжнароднага класа ў байдарцы-адзіночцы. У жніўні 2017 года на Чэмпіянаце свету па веславанні на байдарках і каноэ ў Чэхіі спартсмен заняў пятае месца, а таксама ўвайшоў у нацыянальную каманду Беларусі па гэтаму віду спорту (гэта самая звычайная каманда, не для калясачнікаў, Андрэй займаецца нароўні з іншымі спартоўцамі). Акрамя таго, Андрэй Ткачук — чэмпіён Беларусі па лёгкай атлетыцы (штурханне ядра і кіданне дыска), паўэрліфцінгу і веславанні на байдарках і каноэ.
Падтрымаць Андрэя і дапамагчы яму падрыхтавацца да Чэмпіянату і прыняць у ім удзел можна, ахвяраваўшы любую суму праз пляцоўку Molamolа. Усе падрабязнасці на старонцы збору.
mogilev.online