Сляпы паэт у стогадовай хаце. Распачаўся збор сродкаў для Алеся Чобата

Творца, якім магла б ганарыцца Беларусь, жыве ў адзіноце, беднасці і амаль без дапамогі. Патрэбныя самыя асноўныя рэчы. У інтэрнэце распачалі кампанію па збору сродкаў для паэта Алеся Чобата.

a2cd655a97a037e4f2f789d17e1e.jpeg


«У Алеся Чобата няпросты характар, ён з недаверам ставіцца да чужых людзей. Паэт дапамогі не просіць, аднак яна яму сапраўды патрэбная. З дапамогаю валанцёраў нам удалося скласці спіс патрэбаў», – гаворыцца ў апісанні праекту на краўдфандынгавай платформе «Талака».
Алесь Чобат – аўтар шэрагу кніг, шматлікіх гісторыка-псіхалагічных эсэ, апавяданняў, хронік і біяграфіяў. Належыць да Саюзу беларускіх пісьменнікаў з 1993-га года і Міжнароднага ПЕН-клуба з 1995-га. Перакладае з польскай мовы. Аўтар кніг «Год», «Новая Галілея», «Тутэйшая сага», «Край мой шчаслівы», «Кароткая гісторыя Беларусі». Аўтар гістарычных эсэ «Зямля св. Лукі», «Легенда пра чатырох мушкецёраў». Апошняя кніга – «Планета», выдадзеная ў 2016-м годзе.
Цяпер спадар Алесь жыве зусім адзін у драўлянай хаце на вуліцы Чырвонармейскай у Скідзелі, што засталася ад бацькі. Поўная страта зроку была страшным ударам для паэта, які амаль сам-насам застаўся са сваёй бядой. Мясцовыя без аніякай скрухі выносілі рэчы з яго жытла. Газавую пліту, лядоўню, посуд, ручнікі, пасцелі – бралі ўсё, што бачылі. Вынеслі нават сямейны фотаальбом са здымкамі.
Валанцёры збіраюць грошы на самае неабходнае: абутак, вопратка, побытавыя рэчы. Агулам выдаткі маюць скласці 550 рублёў. “Калі нам удасца сабраць значна больш грошаў, чым мы разлічваем, то рэшта будзе перададзеная валанцёрам: падчас паездкі да Алеся Чобата разам з ім можна будзе схадзіць у краму і выдаткаваць грошы на неабходныя харчы: крупы, макароны, г.д”, – гавораць арганізатары збору.


belsat.eu