Следства падоўжана
Следства па справе журналіста Андрэя Пачобута падоўжна да 21 снежня. Пра гэта паведаміў агенцтву «Інтэрфакс–Захад» афіцыйны прадстаўнік Упраўлення Следчага камітэту па Гродзенскай вобласці Сяргей Шаршаневіч.
Па яго словах, гэта зроблена «для правядзення дадатковых следчых і працэсуальных дзеянняў», і «для дачы аб’ектыўнай ацэнкі дзеянняў абвінавачанага прызначаны шэраг лінгвістычных экспертыз».
«Калі б справу збіраліся перадаць у суд, я б першы ведаў пра гэта, бо мяне б знаёмілі з матэрыяламі справы. Але ніхто нічога не казаў», — зазначыў напярэдадні ў гутарцы з прэс-службай ГА «БАЖ» сам журналіст. Паколькі са следствам ён не супрацоўнічае, усе астатнія навіны са Следчага камітэту ён атрымлівае праз СМІ.
Журналіст перакананы, што за падвешваннем яго справы стаяць нейкія палітычныя прычыны. Але спыняць прафесійнай дзейнасці ён па-ранейшаму не збіраецца.
Карэспандэнта польскай «Gazety Wyborczej», сябра БАЖ абвінавачваюць у парушэнні ч. 2 арт. 367 КК РБ «Паклёп у дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». Справу завяло ўпраўленне Следчага камітэту па Гродзенскай вобласці ў чэрвені 2012 года на падставе шэрагу публікацый журналіста ў інтэрнэце.
21 чэрвеня ў яго кватэры ў Гродна адбыўся ператрус, у выніку якога ў журналіста забралі аргтэхніку. Да 30 чэрвеня журналіст прасядзеў у гродзенскім СІЗА, пасля чаго быў адпушчаны пад падпіску аб нявыездзе.
Паводле Крымінальнага кодэксу Беларусі, журналіста могуць пакараць абмежаваннем волі на тэрмін да 5 гадоў альбо пазбаўленнем волі на такі ж тэрмін.
Да гэтага тэрміну можа дадацца трохгадовы тэрмін зняволення, на які Пачобут быў асуджаны 5 ліпеня 2011 года з адтэрміноўкай выканання прысуду на 2 гады. Тады журналіста таксама прызналі вінаватым у парушэнні арт. 367 ч. 1 (паклёп на прэзідэнта). Па законе, калі на працягу двух гадоў асуджаны здзейсніць парушэнне гэтага ж артыкулу закона, то пакаранне абавязкова будзе ўжыта супраць яго.