Следчы камітэт адмовіўся распачынаць справу па факту збіцця рэдактара сайта

Дзяніс Марук, рэдактар сайта «Реальный Брест», звярнуўся ў мясцовую пракуратуру і Следчы камітэт пасля таго, як 28 сакавіка 2017 года быў затрыманы супрацоўнікамі Ленінскага РАУС горада Брэста. Пра гэта паведамляе служба маніторынгу ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў».

Дзяніс Марук. Фота: baj.by

Дзяніс Марук. Фота: baj.by

Паводле словаў Дзяніса Марука, міліцыянты неаднойчы спрабавалі выклікаць яго «на размову» пасля таго, як на сайце «Реальный Брест» (realbrest.by) з’явіўся рэпартаж пра «Марш недармаедаў», што адбыўся ў Брэсце 5 сакавіка. Падставай для гутаркі было тое, што падчас акцыі Марук прадэманстраваў непрыстойны жэст на адрас «чалавека ў цывільным», які насамрэч быў міліцыянтам. Пазней за гэтае правапарушэнне журналіста пакаралі штрафам у памеры 2 базавыя велічыні.
Калі 28 сакавіка рэдактар сайта нарэшце прыйшоў у міліцэйскі пастарунак, каб вырашыць іншыя асабістыя пытанні, яго затрымалі. Па версіі Дзяніса Марука, супрацоўнікі Ленінскага РАУС абыходзіліся з ім вельмі жорстка: білі галавой аб сцяну, кінулі на падлогу, спрабавалі сталовай лыжкай расціскаць зубы, каб забраць схаваную журналістам флэш-карту.
Пасля гэтага здарэння Марук зафіксаваў пабоі і вырашыў дамагацца пакарання міліцыянтаў, што збілі яго ў пастарунку. Заява рэдактара амаль тры месяцы разглядалася ў Следчым камітэце, пакуль адтуль не прыйшоў адказ, што падставаў заводзіць справу няма.
«З адказу вынікае, што міліцыянты дзейнічалі ў межах закона, а ўсталяваныя ў Ленінскім РАУС відэакамеры не зафіксавалі фактаў майго збіцця, — кажа Дзяніс Марук. — Варта адзначыць, што апошнім часам следчых вельмі цікавілі падрабязнасці маёй судова-медычнай экспертызы, бо яны былі схільныя разглядаць версію, што я сам сабе нанёс пашкоджанні і зрабіў ілжывы данос на супрацоўнікаў міліцыі. У выніку вырашана, што супраць мяне таксама справу распачынаць не варта».
Паводле spring96.org