Славамір Адамовіч прапануе міністру інфармацыі напісаць артыкул пра БНР

Паэт, былы палітэмігрант Славамір Адамовіч звярнуўся у Пухавіцкі райвыканкам з лістом, у якім прапанаваў мясцовым уладам адзначыць стагоддзе ўтварэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Копію ліста ён даслаў у «Новы час».

slavomir_adamovich.jpeg


Адамовіч нагадаў старшыні Пухавіцкага райвыканкаму Сяргею Ленкаўцу і кіраўніцы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Кацярыне Касмольскай, што 25 сакавіка Беларусь будзе адзначаць 100-годдзе прыняцця Трэцяй Устаўнай граматы Беларускай Народнай Рэспублікі. «Гісторыкі лічаць, што менавіта дзякуючы гэтаму кроку сёння мы можам казаць пра Рэспубліку Беларусь як незалежную дзяржаву. З гэтай высновай пагаджаюцца і многія нашы палітыкі і дзяржаўныя дзеячы», — адзначыў Адамовіч.

Адамовіч працытаваў дырэктара Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, кандыдата гістарычных навук Вячаслава Даніловіча, які на круглым стале «1918 год для нашай дзяржаўнасці: набыткі і страты» сказаў: «У нашай дзяржаўнасці былі як гістарычныя формы — дзяржаўныя ўтварэнні на нашай тэрыторыі, пачынаючы ад Полацкага княства, так і нацыянальныя — калі ў назве загучала слова “Беларусь, беларуская”. Вось гэтыя нацыянальныя карані і бяруць свой пачатак у 1918 годзе, калі была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка. Так, яна не стала сапраўднай дзяржавай, але гэта была першая спроба практычнай рэалізацыі ідэі беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці. І гэта вельмі важны момант у нашай тысячагадовай гісторыі».

Адамовіч распавёў райвыканкаму, што шэраг палітычных партый і арганізацый, для якіх дарагія ідэалы дзяржаўнасці і незалежнасці Беларусі, аб’ядналіся ў Нацыянальны аргкамітэт 100-годдзя БНР і дамовіліся аб супольным святкаванні 100-гадовага юбілею як на працягу ўсяго 2018 года, так і 25 сакавіка.

«У сувязі з вышэйпададзеным я, як грамадзянін Рэспублікі Беларусь, удзельнік Аргкамітэту па святкаванні 100-годдзя БНР і пастаянны жыхар горада Мар'іна Горка прапаную раённай выканаўчай уладзе далучыцца да святкавання і ў выпадку Вашага станоўчага адказу абавязуюся правесці гісторыязнаўчую сустрэчу для жыхароў нашага гарадка ў раённым ДК альбо ў бібліятэцы, а таксама падрыхтую адпаведны матэрыял для газеты «Пухавіцкія навіны», — напісаў Адамовіч.

Акрамя таго, паэт зазначае, што «цяперашні міністр інфармацыі і наш зямляк з Зацітавай Слабады спадар Карлюкевіч Алесь Мікалаевіч у пачатку 90-х гадоў быў маім карэспандэнтам, калі я працаваў стыль-рэдактарам у «Настаўніцкай газеце». Працуючы міністрам, Алесь Мікалаевіч працягвае друкаваць свае краязнаўчыя допісы ў нашай «раёнцы»,таму я ўпэўнены, што ён і сам мог бы падрыхтаваць грунтоўны артыкул пра гісторыю стварэння БНР, і тым пазнаёміць нашых чытачоў з важнай старонкай беларускай гісторыі».