Сяргей Навумчык: Чаму камуністы не даруюць Пазьняку?
Курапаты былі першым адкрытым усяму свету месцам масавых пахаванняў. Палітык і журналіст Сяргей Навумчык у сваім тэлеграме прыгадвае артыкул, які ён напісаў яшчэ ў 2015 годзе.
У свой час Васіль Быкаў сказаў, што камуністы ніколі не даруюць Пазьняку адкрыцьця Курапатаў, бо ён даў канкрэтныя сьведчаньні злачынстваў камуністычнага рэжыму.
Доўга час я лічыў, што ў гэтых словах мне зразумела ўсё. Яны нават здаваліся мне банальнасьцю — ну так, вядома ж, не даруюць, бо што ж тут прыемнага для камуністаў, роўна як і ў шматлікіх публікацыях, якія зьяўляліся ў часы перабудовы (артыкул у ЛіМе быў, нагадаю, надрукаваны ў чэрвені 1988-га).
Спатрэбіліся гады, каб раскрыўся сапраўдны сэнс гэтых словаў і пацьверджаньне іх — што сапраўды не даруюць, і ня толькі таму, што знакамітая публікацыя была пачаткам абуджэньня Беларусі.
І зразумець, чаму соты, тысячны раз камуністы прыдумляюць, што расстрэльвалі нібыта не савецкіх людзей, а прывезеных аднекуль з заходніх краінаў габрэяў, і расстрэльвала нібыта не НКВД, а СС. І паўтараюць гэта зноў і зноў. Хаця, здавалася, навошта гэта, калі факт рэпрэсій прызнаны ня некім, а самой КПСС, партыйнымі зьездамі і Пленумамі ЦК?
А яшчэ — акрамя часу і няспынных «абвяржэньняў» — дапамагло мне зразумець наведваньне Нюрнбэргу і таго самага будынку (у ім цяпер музэй), дзе адбываўся судовы працэс над нацызмам.
Як вядома, падсудныя трымаліся даволі ўпэўнена — «Вайна ёсьць вайна, мы выконвалі загад», — і нават Гёрынг, які аддаваў загады, і нават Рыбэнтроп, які, у значнай ступені, фармаваў замежную палітыку Трэцяга Райху.
Так было да моманту, пакуль не былі паказаныя кінакадры з Асьвенціму і Майданэку. Тысячы трупаў ахвяраў (ці попел, які застаўся ад ахвяраў). Гэта было пераломным момантам працэсу.
Кожны юрыст скажа, што абвінавачаньне ў забойстве часам можна разваліць, калі няма прамых доказаў і тым болей — ня знойдзена цела ахвяры. І абвінавачваньню бывае вельмі цяжка адказаць на простае пытаньне адваката — «Пачакайце, пра што мы тут увогуле гаворым? Пра забойства? А дзе труп?».
Тэма міжнароднага суду над камунізмам пасьля 1991 году ўздымаецца няспынна (у Чэхіі, напрыклад, існуе арганізацыя з удзелам у тым ліку і парлямэнтарыяў, якая вядзе маніторынг злачынстваў пракамуністычных рэжымаў; у яе працы ўдзельнічаў Вацлаў Гавэл, зь беларускага боку — Івонка Сурвіла і Зянон Пазьняк). Але зь юрыдычнага пункту гледжаньня — на што можа апірацца бок абвінавачваньня?
«Расстрэльныя» сьпісы з рэзалюцыямі Сталіна і Молатава? — «А дзе доказы, што рэзалюцыі былі выкананыя?».
Сьведчаньні жонкі, як уначы забралі мужа? — «Ну, забралі для размовы. А вы ўпэўненыя, што ён адтуль не да іншай жанчыны сышоў?».
Сьмяротныя пастановы «троек»? — «Ці мала што маглі напісаць у паперах».
Стэнаграмы судовых працэсаў у 30-ых з расстрэльнымі прысудамі? — «Памілуйце, нават антысталіністы пісалі, што стэнаграмы сфальшаваныя ад першага слова да апошняга!».
Пратаколы аб выкананьні гэтых сьмяротных прысудаў? — «Вам расказаць, як у СССР займаліся прыпіскамі і падманам, усе і на ўсіх узроўнях, і НКВД ня быў выключэньнем?».
Даклад Хрушчова на ХХ зьезьдзе КПСС у 1956 годзе? — «Ды гэта Хрушчоў зводзіў асабістыя рахункі са Сталіным!».
Пастановы XXII зьезду? — «А чаму ім трэба верыць? Гэты зьезд паабяцаў, што ў 1980-ым савецкія людзі будуць жыць пры камунізме. Пасьля пачастунку ў буфэце Крамлёўскага палацу дэлегаты за што заўгодна маглі прагаласаваць».
Выступы Гарбачова пра прызнаньне і асуджэньне рэпрэсій? — «Ну, прыехалі. Чаго толькі не нагаварыў дэмагог Гарбачоў! Дзе, яны, вашыя „ахвяры камунізму“? Увогуле, хопіць дэмагогіі — трупы пакажыце!»
Гэтыя дыялёгі, вядома, гіпатэтычныя. І не таму, што суду над камунізмам ня будзе — а таму, што пасьля адкрыцьця Курапатаў яны немагчымыя ў прынцыпе.
Бо ўжо прадстаўленыя матэрыяльныя сьведчаньні злачынстваў камунізму.
І Курапаты былі першым адкрытым ўсяму сьвету месцам масавых пахаваньняў.
Першым.
Потым ужо было сказана пра раскапаныя парэшткі ахвяраў бальшавіцкіх рэпрэсій ў іншых гарадах тагачаснага Савецкага Саюзу (мяне вельмі уразіла, калі Янку Брылю перадалі знойдзены ў пахаваньні пад Кіевам мундштук ягонага старэйшага брата), але Курапаты былі — першымі.
І такое не даруецца, канечне.
Сяргей Навумчык, Радыё Св*бода, сьнежань 2015