Шведскі погляд на ахову спадчыны
3 кастрычніка ў Мінску, у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, дзе пры падтрымцы міжнароднага фонду “Культурная спадчына без межаў” і Беларускага камітэту Міжнароднага савета музеяў (ICOM) адбыўся міжнародны семінар па ахове гісторыка-культурнай спадчыны. Перад студэнтамі і выкладчыкамі выступілі навукоўцы з Швецыі — прафесар універсітэта ў горадзе Упсала Крыстэр Густафсон і галоўны архітэктар Каралеўскага палаца ў Стакгольме, прафесар Андрэас Хеймоўскі.
Удзельнікі міжнароднага семінару
У сваіх лекцыях выступоўцы ўзнялі шэраг пытанняў, у тым ліку: гісторыя і філасофія рэстаўрацыі; аўтэнтычнасць — паняцце, якое змяняецца; культурная спадчына як патэнцыял для ўстойлівага развіцця грамадства; уплыў культурнай спадчыны на з’яўленне новых відаў дзейнасці і новых прафесій.
Як адзначыў Крыстэр Густафсон, шведскія спецыялісты ў галіне аховы спадчыны імкнуцца пераканаць грамадства у тым, што ад ўзроўню гістарычнай каштоўнасці будынку залежыць яго кошт, а інвестыцыі дзеля ўзнаўлення і захавання помнікаў архітэктуры з’яўляюцца важным унёскам ва ўстойлівае развіццё рэгіёнаў. У якасці прыкладу навукоўца прывёў сітуацыю вакол маўзалея Хумаюна XVI стагоддзя ў гарадзе Нью-Дэлі (Індыя), унесенага ў Спіс суветнай спадчыны ЮНЕСКА. Густафсон распавёў, што хаця ў рэстаўрацыю гэтага помніка былі ўкладзены вялікія грошы, на адлегласці 200 метраў ад маўзалея працягвалі жыць тысячы бяздомных і беспрацоўных людзей.
Крыстэр Густафсон
“І тады ўстала пытанне — для каго захоўваецца гэты аб’ект спадчыны? Пасля апытання жыхароў гэтага раёну горада пры падтрымцы фонду “Культурная спадчына без межаў” былі арганізаваныя вучэбныя курсы, па заканчэнні якіх былыя беспрацоўныя сталі добрымі рамеснікамі, для іх дзяцей адкрыліся школы, людзям забяспечылі доступ да кампутараў і інтэрнэту. Акрамя таго, на сродкі фонду былі заасфальтаваны вуліцы, адкрыўся шпіталь для маладых мам, палепшыліся ўмовы жыцця ў 13 тысячах кватэр і прадастаўлена мажлівасць былым беспрацоўным знайсці працу. Такім чынам, былі створаны ўмовы для устойлівага развіцця гэтага раёна сталіцы Індыі”, — сказаў навукоўца.
Андрэас Хеймоўскі звярнуў увагу на сучасныя тэндэнцыі ў шведскай рэстаўрацыі. Сярод іх — даступнасць адрэстаўраваных будынкаў інвалідам; устойлівае развіццё, заснаванае на тэхналагічнасці, эканамічнасці і экалагічнасці; шырокае выкарыстанне выдатных традыцыйных матэрыялаў, якія сваёй прыстасавальнасцю пераўзыходзяць сучасныя матэрыялы; аўтэнтычнасць у новым святле — рэканструкцыі зноў дазваляюцца; рэстаўрацыя як міжнароднае супрацоўніцтва і дапамога.
Густафсон — адзін з 13 намінаваных экспертаў ад Еўрапейскай камісіі, адказных за еўрапейскую частку Спіса сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, генеральны сакратар Міжнароднага навуковага камітэта па эканоміцы кансервацыі Міжнароднага савету па захаванню помнікаў і славутасцяў (ІКАМОС). Аўтар і распрацоўшчык шэрагу вядомых праектаў у Еўропе. Займаецца не толькі рашэннем практычных пытанняў аховы спадчыны, але і актыўна выкладае ў Швецыі і іншых краінах. З'яўляецца ганаровым прафесарам універсітэта ў Наньджу (Кітай), а таксама прафесарам IULM універсітэта ў Мілане і бізнес-школы ў Джакарце (Інданезія). Працягвае працу ў якасці эксперта ў камісіі па культуры і адукацыі Еўрасаюза.
Хеймоўскі — галоўны архітэктар Каралеўскага палаца ў Стакгольме, прафесар кансервацыі архітэктурных помнікаў у каледжы мастацтваў Каралеўскага ўніверсітэта і ва ўніверсітэце Упсала. Навукоўца прысвяціў сваю кар'еру рэстаўрацыі і кансервацыі нерухомых помнікаў. Акрамя архітэктурнай і рэстаўрацыйнай практыкі навукоўца вядомы як прафесар многіх універсітэтаў. З 1980-х гадоў ён актыўны ўдзельнік шматлікіх семінараў і канферэнцый, працуе як запрошаны эксперт-кансультант, у тым ліку ў Расіі, у прыватнасці, па рэстаўрацыі драўлянай архітэктуры і будынкаў з натуральнага каменя ў Санкт-Пецярбургу.