Шэсце казачных персанажаў у Мінску ўзначаляць 25 пар Дзядоў Марозаў і Снягурачак
Тэатралізаванае шэсце Дзядоў Марозаў і Снягурачак, а таксама казачных герояў пройдзе ў Мінску 25 снежня. Аб гэтым паведаміла карэспандэнту БЕЛТА галоўны спецыяліст аддзела ўстаноў культуры і культурна-асветнай работы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінгарвыканкама Кацярына Лучына.
Шэсце 25 пар Дзядоў Марозаў і Снягурачак стартуе каля галоўнай ёлкі краіны на Кастрычніцкай плошчы ў 11.00. У гэтым годзе ў ім прымуць удзел больш за 500 герояў дзіцячых казак, фільмаў і мультфільмаў. Незвычайны парад пройдзе ў напрамку Палаца спорту, дзе адбудзецца тэатралізаваны паказ і будзе арганізавана канцэртная праграма. Тут усе жадаючыя дарослыя і дзеці змогуць паўдзельнічаць у гульнях, конкурсах і спаборніцтвах.
Як падкрэсліла Кацярына Лучына, мінчан і гасцей сталіцы ў дні свят чакаюць вясёлыя і яркія праграмы, спектаклі, казкі, калядныя кірмашы і канцэрты. Адным з асноўных месц святочных мерапрыемстваў у навагоднюю ноч стане пляцоўка каля Палаца спорту. Весялосць тут не будзе заціхаць з 23.00 31 снежня да 4.00 1 студзеня. Праводзіць Год гасціннасці і сустракаць Год моладзі каля палаца будуць танцавальна-дыскатэчнай праграмай з удзелам папулярных дыджэяў. Кульмінацыяй свята традыцыйна стане феерверк каля стэлы «Мінск — горад-герой» 1 студзеня ў 1.00. Канцэрт эстрадных выканаўцаў у бягучым годзе адбудзецца каля комплексу «Чыжоўка-Арэна». У навагоднюю ноч шматлікія святочныя пляцоўкі будуць працаваць і ва ўсіх раёнах горада.