Шэраг беларускіх ВНУ павысіў кошты на платнае навучанне

Шэраг беларускіх ВНУ апублікаваў кошты платнага навучання ў 2014/2015 навучальным годзе, якія ў большасці выпадкаў сталіся вышэйшымі за леташнія. Самыя дарагія спецыяльнасці — у БДУІР і медуніверсітэце.



platnoje_obrazovanije.jpg

Да прыкладу, у Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце навучанне на першым курсе ў новым навучальным годзе каштуе каля 17 млн рублёў на дзённым аддзяленні (у 2013/2014 навучальным годзе — каля 14 млн рублёў), 5,5 млн рублёў — на завочным (4,75 млн рублёў).
За навучанне на дзённым аддзяленні ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце першакурснікі заплацяць ад 16 да 18,4 млн рублёў у год (у мінулым навучальным годзе — ад 13,3 да 15,4 млн рублёў), на завочным - ад 6,85 да 7, 6 млн рублёў (у мінулым годзе — ад 5,7 да 6,3 млн рублёў).
У Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі навучанне першакурснікаў на дзённым аддзяленні каштуе ад 16,7 да 20,7 млн рублёў (у мінулым годзе — ад 14,6 да 16,9 млн рублёў), на завочным — 6,8 млн рублёў (5,4 млн рублёў).
У Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце год навучання на дзённым аддзяленні каштуе ад 18 да 23 млн рублёў (ад 15 да 19 млн рублёў — у мінулым годзе).
У Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце за навучанне на дзённым аддзяленні першакурснікам давядзецца заплаціць амаль 16 млн рублёў у год (у мінулым годзе — 14 млн рублёў), на завочным — 5,4 млн рублёў (4,5 млн рублёў).
У Акадэміі кіравання пры прэзідэнце навучанне на дзённым аддзяленні будзе каштаваць 18,4 млн. рублёў (у мінулым годзе — 15,3 млн рублёў) і 7,2 млн рублёў — на завочным (на ўзроўні мінулага года).
Прыватныя ВНУ таксама падвысілі кошты навучання. Так, на дзённым аддзяленні Інстытута парламентарызму і прадпрымальніцтва навучанне будзе каштаваць першакурснікам 13,2 млн рублёў у год (у мінулым годзе — 10 млн рублёў), на завочным — 5,6 млн рублёў (4,3 млн рублёў); БІП — Інстытут правазнаўства: дзённае аддзяленне — ад 14 да 18,5 млн рублёў (ад 10,8 да 14,3 млн рублёў), завочнае — ад 6,7 да 7,6 млн рублёў (5,2-5,8 млн рублёў).
У 2013/2014 навучальным годзе кошт навучання на платных аддзяленнях падвышаўся адзін раз перад пачаткам навучальнага года, але не больш чым на 20%. У 2012/2013 навучальным годзе кошт навучання не змяняўся зусім, аднак у 2011/2012 навучальным годзе навучанне ў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных установах даражэла чатыры разы.
БелаПАН