Севярынца будуць судзіць за мітынг супраць фальсіфікацыяў
Павел Севярынец вінаваты ў тым, што 12 верасня "стаяў на фоне расцяжкі "ЛУКАШЭНКА, СЫХОДЗЬ" і "публічна выказваў сваё меркаванне адносна выбараў у ППНС".
Сустаршыня БХД Павел Севярынец атрымаў з Цэнтральнага РАУС Мінску копію адміністрацыйнага пратаколу па артыкуле 23.34 частка 3 КоАП — за "арганізацыю і актыўны ўдзел у мітынгу 12 верасня". Сутнасць правапарушэння выражалася ў тым, што Севярынец "стаяў на фоне расцяжкі "ЛУКАШЭНКА, СЫХОДЗЬ", выкрыкваў "Жыве Беларусь!" і "публічна выказваў сваё меркаванне адносна выбараў у ППНС".
Нагадаем, 12 верасня у Мінску прайшла мірная акцыя пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў у "Палату Прадстаўнікоў".
"Беззаконню няма межаў, — пракаментаваў сітуацыю прэс-службе БХД Павел Севярынец, — спярша рэжым фальсіфікуе выбары, а затым яшчэ і карае грамадзянаў, нязгодных з парушэннем закона, вялізнымі штрафамі. Мала таго — пры гэтым лямантуюць пра "лібералізацыю" і разлічваюць на чарговы крэдыт МВФ, каб выдаць заробкі фальсіфікатарам ды прэтарыянцам. Відавочнае беззаконне".