САЗ пра выбары ў Беларусі падчас эпідэміі: «Улады маглі б разгледзець іх перанос»
Сітуацыю з пашырэннем эпідэміі COVID-19 Свабодзе пракаментаваў афіцыйны прадстаўнік еўрапейскага рэгіянальнага бюро САЗ Джэймс Крэсуік. Паводле яго, САЗ працягвае адсочваць сітуацыю з эпідэміяй у Беларусі, а таксама абменьваецца ўсёй неабходнай інфармацыяй з беларускімі ўладамі.
«Хоць брыфінгі для прэсы могуць быць эфектыўным і дзейсным спосабам камунікаваць са СМІ, гэта не адзіны спосаб, – адказалі Свабодзе ў САЗ на пытанне, ці не з'яўляецца брак прэс-канферэнцыяў і брыфінгаў з прадстаўнікамі Міністэрства аховы здароўя недахопам у інфармаванні грамадства аб сітуацыі з каронавірусам. – Рашэнне, як пашыраць інфармацыю для СМІ, і частата такога пашырэння цалкам залежыць ад краіны і яе ўладаў.
САЗ шчыльна працуе з беларускім уладамі, каб надаць кансультацыі, але збор нацыянальных звестак і статыстыкі пра выпадкі COVID-19 у сферы адказнасці дзяржаваў, якія потым падаюць афіцыйную інфармацыю ў САЗ. Каб працаваць эфектыўна, нам патрэбныя стасункі даверу з нашымі партнёрамі ў краіне».
Як паведамляе афіцыйны прадстаўнік САЗ у Еўропе, у Беларусі фіксуюць так званыя выпадкі «перадачы інфекцыі з невядомай крыніцы».
«На 10 чэрвеня (момант звароту ў САЗ. – РС) Беларусь па-ранейшаму паведамляе пра заражэнні з невядомай крыніцы, і таму мы рэкамендуем фізічнае дыстанцыяванне прынамсі на 1 метр, а таксама раім, каб урад заахвочваў людзей насіць маскі там, дзе фізічнае дыстанцыяванне захоўваць складана – у грамадскім транспарце, у крамах і ў іншых закрытых і людных асяродках. Вядома ж, мы па-ранейшаму рэкамендуем гігіену рук і дыхальную гігіену ўвесь час».
Паводле рэкамендацыяў арганізацыі, гэта накладае пэўныя абмежаванні на правядзенне масавых мерапрыемстваў. У тым ліку, напрыклад, прэзідэнцкіх выбараў.
«На думку САЗ, усе краіны, дзе адбываецца перадача інфекцыі з невядомай крыніцы, мусілі б падтрымаць рэкамендацыі пра сацыяльнае дыстанцыяванне і сурʼёзна разгледзець магчымасць адкласці ці абмежаваць вялікія мерапрыемствы, якія збіраюць разам людзей і маюць патэнцыял узмацніць хваробу, – адзначаюць у САЗ. – Кожнае рашэнне САЗ падтрымае праз выкарыстанне сваіх інструментаў, у прыватнасці ацэнкі рызыкаў для масавых сходаў падчас COVID-19.
Калі ўлады Беларусі вырашаць праводзіць выбары, будзе важна заахвочваць мыццё рук, дыхальную гігіену і фізічнае дыстанцыяванне, рэкамендаваць выкарыстоўваць маскі ў грамадскіх месцах, дзе фізічнае дыстанцыяванне немагчымае».
Паводле прадстаўніка еўрапейскага рэгіянальнага бюро САЗ, арганізацыя рэгулярна атрымлівае ад беларускіх уладаў свежую статыстычную інфармацыю аб сітуацыі з COVID-19 у Беларусі. Аднак ніякім чынам «не ацэньвае яе і не верыфікуе».