Савет па правах чалавека пры прэзідэнце РФ просіць МЗС падтрымаць Алену Танкачову
Старшыня Савета пры прэзідэнце Расіі па развіцці грамадзянскай супольнасці і правах чалавека Міхаіл Фядотаў звярнуўся да кіраўніцтва МЗС РФ з заклікам аказаць тэрміновую падтрымку расійскай грамадзянцы, праваабаронцы Алене Танкачовай, якой пагражае высылка з Рэспублікі Беларусь, дзе яна пастаянна жыве.
"30 кастрычніка ёй было аб'яўлена аб ануляванні віду на жыхарства, за… парушэнне правілаў дарожнага руху (перавышэнне хуткасці), а ўжо 5 лістапада будзе вырашацца пытанне аб
працэдуры яе высылкі", — гаворыцца на сайце СПЧ РФ.
"Відавочная неадэкватнасць прымененай уладамі Рэспублікі Беларусь санкцыі за малазначнае правапарушэнне прымушае меркаваць, што рэальным матывам высылкі расійскай грамадзянкі
з'яўляецца праваабарончая дзейнасць Алены Танкачовай. Уладаў не спыніла ні тое, што тут у Алены знаходзіцца сям'я, праца, кватэра, асабістыя і прафесійныя сувязі, ні тое, што нашы
краіны ўтвараюць Саюзную дзяржаву, а грамадзяне нашых краін карыстаюцца роўнымі правамі", — падкрэсліваюць у СПЧ РФ.
Савет просіць расійскае знешнепалітычнае ведамства аказаць Алене Танкачовай усю неабходную падтрымку, абарону і заступніцтва, як гэта і прадугледжана арт. 61 Канстытуцыі Расійскай Федэрацыі.
Як паведамляў БелаПАН, вядомую праваабаронцу, старшыню праўлення асветнай установы "Цэнтр прававой трансфармацыі" (Lawtrend) Алену Танкачову пазбавілі віду на жыхарства ў Беларусі.
Паведамленне аб ануляванні віду на жыхарства і разглядзе пытання аб яе высылцы з краіны праваабаронца атрымала 30 кастрычніка ў Першамайскім РУУС Мінска. На працягу найбліжэйшага месяца ёй загадана
пакінуць тэрыторыю Беларусі.
Алена Танкачова — грамадзянка Расійскай Федэрацыі, аднак каля 30 гадоў жыве ў Беларусі.
Цэнтр прававой трансфармацыі — некамерцыйная структура, мэтай якой з'яўляецца павышэнне прававой культуры, а таксама арганізацыя асветнай, аналітычнай і даследчай дзейнасці ў галіне
права.
Аляксей Арэшка, БелаПАН