СААЗ заклікае і далей насіць маскі
Прычына — новы штам «дэльта».
Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) заклікала цалкам вакцынаваных людзей працягваць насіць маскі, выконваць дыстанцыю і іншыя каранцінныя меры. Рэкамендацыі звязаныя з распаўсюджваннем у свеце штаму «Дэльта».
Пра гэта піша CNBC.
У арганізацыі адзначаюць, што «дэльта-варыянт» хутка распаўсюджваецца па ўсім свеце.
«Людзі не могуць адчуваць сябе ў бяспецы толькі таму, што яны атрымалі дзве дозы. Яны па-ранейшаму маюць патрэбу ў абароне», — заявіла намеснік гендырэктара СААЗ Марыянгела Сімаа.
Паводле яе слоў, сама толькі вакцына не спыніць перадачу інфекцыі ў свеце.
«Людзям неабходна пастаянна выкарыстоўваць маскі, знаходзіцца ў вентыляваных памяшканнях, выконваць гігіену рук (…) фізічную адлегласць, пазбягаць вялікай колькасці людзей. Гэта па-ранейшаму застаецца надзвычай важным, нават калі вы прайшлі вакцынацыю, калі перадача віруса ў грамадстве працягваецца», — сказала Сімаа.
Раней у СААЗ заявілі, што распаўсюджванне новага штаму каронавіруса «дэльта плюс» можа прывесці да новага лакдаўну.
nn.by