Рэжысёр Вольга Мікалайчык: Амапаўцы крычалі, што служаць Расіі і бароняць «рускі свет»
«Трэба адраджаць у людзях годнасць, нацыянальную свядомасць. Калі мы гэтага не зробім, то гэты „рускі свет“ нас паглыне — мы і так на мяжы».
Вольга Мікалайчык
З мінскага ізалятара на Акрэсціна выйшла вядомая грамадская актывістка, рэжысёр дакументальных фільмаў Вольга Мікалайчык, якой суд прысудзіў 5 сутак адміністрацыйнага арышту.
Пра акалічнасці затрымання, суду і адбыцця пакарання Вольга Мікалайчык распавяла карэспандэнту Свабоды Алегу Груздзіловічу.
Вольгу Мікалайчык затрымалі ў чацвер 22 студзеня каля помніка Тарасу Шаўчэнку. Актывістка толькі прыехала з Гомеля, з памінальнай вечарыны на гадавіну смерці Міхася Жызнеўскага
— беларуса, які адным з першых загінуў на Майдане. Яна была на абцасах, са значком «Пагоня» і блакітна-жоўтай стужкай на кофтачцы. Так яе і затрымалі мінскія амапаўцы, а з
ёю яшчэ пяцёх актывістаў. З аповеду пра тое, як паводзілі сябе міліцыянты ў аўтобусе, калі везлі актывістаў у Цэнтральны РУУС, пачалася наша размова з Вольгай Мікалайчык. Яна згадала, як на яе вачах
міліцыянты білі кулакамі ў твар актывіста Мікалая Коласа, як дасталося прадпрымальніку Алесю Макаеву за просьбу да міліцыянтаў дазволіць сесці затрыманай пенсіянерцы
Ніне Багінскай. Але больш за ўсё Вольгу Мікалайчык уразілі крыкі амапаўцаў пра тое, што яны не проста выконваюць сваю працу, а бароняць «рускі свет»:
«Амапавец пачаў крычаць, што яны рускія людзі, што яны бароняць рускі свет і нас, бандэраўцаў, зараз завязуць куды трэба і закапаюць.
А на наступны дзень гэты амапавец быў сведкам на маім судзе. І іх камандзір таксама быў за сведку. Калі першы зайшоў у залю, то суддзя Шабуня дазволіла мне задаць яму пытанне. Я спыталася, якой
краіне ён даваў прысягу? Адказвае — Беларусі. Пытаюся, а чаму ўчора ў аўтобусе вы крычалі, што вы рускі афіцэр, што служыце Расіі і нам усім „устроіце“ — закапаеце
нас. І сапраўды „ўстроілі“, калі ўчынілі здзек і катаванні. Вы ж давалі прысягу, а з вашых дзеяньняў бачна, што вы здрадзілі Бацькаўшчыне. Чаму? Ён не знайшоў, што адказаць, але
ўвесь ззелянеў.
Потым зайшоў другі, ягоны камандзір. Сведчыць, што мы трымалі бел-чырвона-белы сцяг, крычалі „Жыве Беларусь!“ і „Слава Украіне — Героям слава!“
— нібыта гэта злачынства. Зноў пытаюся, а ці ведае ён, што бел-чырвона-белы сцяг не забаронены і гэтыя воклічы не забароненыя, а Лукашэнка і Парашэнка
ездзяць адзін да аднаго на сустрэчы і сябруюць. Той таксама збляднеў і мусіў сказаць, што не казаў нічога пра забарону гэтага сцяга і воклічаў».
Рэжысёр Вольга Мікалайчык не толькі здымае дакументальныя фільмы, героямі якіх, як правіла, робяцца палітычныя актывісты і палітвязні. Ужо некалькі гадоў запар яна вядзе актыўнае грамадскае
жыццё, у тым ліку ладзіць акцыі салідарнасці з пацярпелымі палітычнымі актывістамі. З 2014 году Вольга Мікалайчык шмат часу і сілаў аддае справе салідарнасці з Украінай. За акцыі ў падтрымку Майдана
яе некалькі разоў затрымлівалі беларускія міліцыянты. Раней суд прысуджваў ёй грашовыя штрафы, а гэтым разам упершыню пакаралі суткамі.
Пра турму на Акрэсціна ў Вольгі Мікалайчык вельмі змрочныя ўспаміны. Паводле яе, у камеры быў толькі адзін плюс — даволі цёпла, але што да ўсяго іншага — толькі мінусы.
Прыкладам, не было халоднай вады, і таму не працаваў змыў унітаза. У ізалятарах за сядзельцамі, у тым ліку жанчынамі, кругласутачнае відэаназіранне, так што акты гігіены яны мусяць рабіць фактычна як
бы на публіцы. Посуд і лыжкі даюць брудныя, а на заўвагі рэагуюць знявагамі.
Цяжкім уражаннем для Вольгі Мікалайчык было і знаёмства з жанчынамі, якія сядзелі разам з ёй на Акрэсціна. Збольшага яны былі з тых, хто ўжывае алькаголь і наркотыкі, бамжуе і вядзе
антысацыяльны лад жыцця. Багата сярод сукамерніц было жанчын маладога веку — іх будучыня Вользе падаецца вельмі змрочнай.
Здзівіла і стаўленне да іх персаналу ізалятара — як да жывёл. Вольга згадала, што ў адной з жанчын была параненая рука, але дапамогі ёй не аказвалі і нават лекарка пагражала
«зусім адрэзаць руку», калі яна будзе далей скардзіцца. Іншая сукамерніца Вольгі, жанчына з немалым турэмным досведам, казала, што «Акрэсціна — горш за любую
калонію ці турму».
Сама Вольга Мікалайчык зрабіла са свайго арышту такія высновы:
«Для сябе я зрабіла выснову, што тую справу, якую я рабіла — гэта дапамога і беларускім палітвязням, і Украіне — гэта я буду рабіць яшчэ больш апантана. Бо тое, што я
пабачыла, трэба тэрмінова мяняць. Калі мы гэтага не зробім, у нас не будзе будучыні. І нашы дзеці не выжывуць у такой краіне, іх проста будуць знішчаць. Трэба, каб працавалі законы, а яны ў нас не
працуюць. І людзі нашы затурканыя, ператварыліся ў запалоханае быдла. Трэба адраджаць у людзях годнасць, нацыянальную свядомасць. Калі мы гэтага не зробім, то гэты „рускі свет“ нас
паглыне — мы і так на мяжы».
Пазаўчора Вольгу Мікалайчык павінны былі вызваліць а 21:45. Але за некалькі гадзін да вызвалення вывезлі з Акрэсціна зноў у Цэнтральны РУУС і трымалі за кратамі. Там рэжысёрка ўбачыла яшчэ адну
сцэну з жыцця, як кажа, вартую расповеду. Пры ёй міліцыянт браў адбіткі пальцаў у двух затрыманых грамадзянаў Расіі. Размову паміж імі Вольга Мікалайчык пачула і пераказала карэспандэнту
Свабоды:
«Яны здзіўляюцца: а што, у вас тут не электронным спосабам бяруць адбіткі пальцаў? У нас у Расіі даўно электронным спосабам гэта робяць. І дадаюць міліцыянту: „Ну, ладна, і тут
хутка будзе Расія. Ты ж ведаеш, мы хутка гэта робім“. Але міліцыянт, калі „адкочваў“ ім пальчыкі, жорстка паправіў: „Тут вам не Расія, тут —
Беларусь“. І мне гэта спадабалася».
svaboda.org