Рэпетытара Яўгена Лівянта прысудзілі да 3 гадоў хатняй хіміі
Мінскага рэпетытара Яўгена Лівянта прысудзілі да 3 гадоў хатняй хіміі, яго сваякоў — таксама да хатняй хіміі.
Суд Маскоўскага
раёна Мінска абвясціў абвінаваўчы прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да
вядомага беларускага педагога, кіраўніка рэпетытарскага цэнтра «100 балаў» Яўгена Лівянта і яго сваякоў.
Яўген Лівянт — мінскі рэпетытар і сузаснавальнік Цэнтра па падрыхтоўцы да ЦТ «100 балаў».
Яўгена Лівянта абвінавачвалі ў грубым парушэнні парадку (частка 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса). Лівянт прызнаў сваю віну ў судзе. Ягоную жонку Юлію, дачку Галіну і калегу па рэпетытарскім цэнтры «100 балаў» Аляксея Іванова прысудзілі да 2 гадоў і 6 месяцаў хатняй хіміі паводле таго ж артыкула.
Паводле інфармацыі журналістаў, дачку Яўгена Ганну Лівянт, яго зяця Мікіту Дразда асудзілі на 3 гады хатняй хіміі па абвінавачанні ў грубым парушэнні парадку. Аляксандру Вільчыцкую, былую студэнтку факультэта міжнародных адносін БДУ, прысудзілі да 1 года і 6 месяцаў хатняй хіміі.
Суд пастанавіў змяніць меру стрымання Лівянту, яго жонцы, дачцэ, Дразду, Іванову ў выглядзе заключэння пад варту да ўступлення прысуду ў законную сілу на падпіску аб нявыездзе і належных паводзінах. Суд вырашыў вызваліць іх з-пад варты ў зале суда неадкладна.
Пры гэтым суд пакінуў ранейшую меру стрымання Галіне Лівянт — у выглядзе закладу — да ўступлення прысуду ў законную сілу, і толькі калі прысуд уступіць у законную сілу — адмяніць.
Таксама суд пастанавіў пакінуць ранейшай меру стрымання Вільчыцкай у выглядзе асабістага паручыцельства да ўступлення прысуду ў законную сілу, а па ўступленні прысуду ў законную сілу — адмяніць.
Яны прызнаны вінаватымі ў актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак, спалучаны з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады і пацягнулі парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў.
Прысуд у законную сілу не ўступіў і можа быць абскарджаны ва ўстаноўленым парадку.
Нагадаем, 28 снежня 2022 года адзін з праўладных тэлеграм-каналаў паведаміў пра затрыманне Яўгена Лівянта.
У «палонным» відэа педагог казаў, што ўдзельнічаў у акцыях пратэсту ў Мінску, блакіраваў рух транспарту, а таксама ўзяў удзел у адным з пасяджэнняў Каардынацыйнай рады ў жніўні 2020 года.
Паводле «Народнай волі»