У Маскве разгледзяць справу Соф'і Сапегі (абноўлена)
Прэсненскі суд Масквы разгледзіць справу аб перадачы Соф'і Сапегі для адбыцця пакарання ў Расію. Разгляд справы павінен быў пачацца сёння, але працэс перанесены на 1 чэрвеня.

Гэта зроблена, каб пракуратура «змагла азнаёміцца з хадайніцтвамі абароны», паведамляе «Мед*язона».
Новая дата суда з'явілася ў картцы справы.
У картцы справы фігуруе ч. 1 арт. 179 КК РФ аб прымусе да здзяйснення здзелкі або да адмовы ад яе здзяйснення.
Соф'я Сапега была асуджаная ў Беларусі на 6 гадоў калоніі паводле двух артыкулаў: распальванне варожасці і варажнечы (частка 3 артыкула 130 КК) і незаконнае збіранне інфармацыі аб прыватным жыцці (частка 1 артыкула 179 КК).
Сапега нарадзілася ў Расіі, але вырасла ў Беларусі, куды пераехала яе маці, а затым вучылася ва ўніверсітэце ў Вільні, дзе ўжо пасля арышту атрымала дыплом юрыста.
Соф'ю Сапегу затрымалі ў траўні 2021 года пасля пасадкі ў Мінску рэйса Ryanair «Афіны — Вільня» разам з Раманам Пратасевічам. 3 траўня Пратасевіча прысудзілі да 8 гадоў пазбаўлення волі па «справе Nexta», а потым яго памілавалі.
Соф'я Сапега адбывае тэрмін у Гомельскай жаночай калоніі. Яна заплаціла праз бацьку штраф у 175 тысяч беларускіх рублёў (каля 68 тысяч долараў), які спагнаў суд на карысць больш як 70 пацярпелых сілавікоў, чыноўнікаў і суддзяў.
Нягледзячы на гэта, у памілаванні Соф'і было адмоўлена.
Па словах адваката Гашынскага, такіх маштабных прысудаў — па колькасці пацярпелых і памеры прысуджанага штрафу — да яе справы ў Беларусі не было.
