Развітанне з Пятром Марцавым пройдзе 15 верасня

Развітанне з Пятром Марцавым пройдзе 15 верасня з 12.00 да 15.00 у рытуальнай зале на вуліцы Альшэўскага, паведаміла на сваёй старонцы ў Фэйсбуку журналістка Святлана Калінкіна.



piotr_marcau.jpg

Вядомы беларускі журналіст і выдавец Пётр Марцаў сканаў увечары 13 верасня ў адной з мінскіх бальніц, не прыходзячы ў прытомнасць, ад вострага лейкозу на 53-м годзе жыцця. 
Пётр Марцаў скончыў філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта. У 1984-1986 гадах працаваў настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў школе рабочай моладзі № 19 Мінска, а ў 1986-1988 гадах — карэспандэнтам і старэйшым рэдактарам у Беларускім тэлеграфным агенцтве (БелТА). Вымушаны быў звольніцца пасля свайго ўдзелу ў мітынгах ля Усходніх (Маскоўскіх) могілак і ў Курапатах. Быў загадчыкам аддзела часопіса «Ветразь» (1989-1990), уласным карэспандэнтам штотыднёвіка «Коммерсант» па Беларусі, дырэктарам карпункта «Коммерсант» і агенцтва «Пастфактум» (1991-1993). 
У 1992 годзе Марцаў пачаў займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю: выдаваць газету «Біржы і банкі: Беларуская дзелавая газета» (з 1999-га — «Беларуская дзелавая газета»), штотыднёвік «Імя» (1995-1999). З 1997 года — прэзідэнт ЗАТ «Беларуская дзелавая газета», галоўны рэдактар ​«Беларускай дзелавой газеты». У 1997 годзе стаў адным з заснавальнікаў грамадзянскай ініцыятывы «Хартыя'97». З 2002 года — генеральны дырэктар УП «Марат», выдавец «Беларускай дзелавой газеты» і «БДГ. Для службовага карыстання». У сакавіку 2006 года выхад «Беларускай дзелавой газеты» прыпынілі ў сувязі з забаронай на яе друк у беларускіх друкарнях і распаўсюджваннем праз РУП «Белпошта» і «Белсаюздрук». Марцаў быў прадзюсарам і адным з аўтараў сцэнарыя дакументальнага фільма «Звычайны прэзідэнт» (1996; прэмія Міру Берлінскага кінафестывалю, 1997). 
У 2001 годзе Пётр Марцаў увайшоў у дваццатку самых уплывовых прадстаўнікоў масмедыя краін СНД. 
tut.by