Чалавек з планеты БДГ
Часам адчуваеш сябе прысутным на шматлюднай плошчы, дзе толькі што пачуўся стрэл. І, азірнуўшыся, з жахам усведамляеш, што Смерць зноў са снайперскай дакладнасцю выбрала аднаго з найлепшых.
У суботу мішэнню старой з вінтоўкай стаў блізкі мне чалавек. Яму было ўсяго 52 гады.
Калі чытаеш сухія радкі біяграфічнай даведкі, разумееш, наколькі мала яны здольныя распавесці аб сапраўднай асобе. «Выдавец «Беларускай дзелавой газеты»... А гэта ж
была цэлая планета. Планета БДГ, на якой жыццё кіпела як на вулкане. Якая стала і назаўжды застанецца сімвалам незалежнай прэсы ў нашай краіне.
Мне пашанцавала пазнаёміцца з яе будучым стваральнікам яшчэ ў 1991 годзе. Кватэра на вуліцы Леніна, у якой тады размяшчаўся мінскі карпункт «Коммерсанта». Потым планета
пераедзе на плошчу Свабоды, затым на вуліцу Чкалава. Але нязменнай застанецца ўсмешка Пятра Паўлавіча, якую немагчыма забыць.
Марцаў быў вядомым журналістам і бізнэсмэнам, але сярод усіх талентаў асабліва шчодра надзелены дарам абаяння. У спалучэнні з вострым іранічным розумам усё гэта давала грымучую сумесь, здольную
зачараваць суразмоўцу. Я, да прыкладу, не выношу тытунёвага дыму. Але з кабінета Пятра шмат разоў выходзіў пракураным дашчэнту, і гэта нават крыху падабалася.
Планета БДГ заўсёды вабіла як магніт. Я не так ужо доўга ў агульнай складанасці пісаў для «Беларускай дзелавой газеты» і штотыднёвіка
«Імя» — яшчэ аднаго знакавага праекта дзевяностых. Затое часта
проста матляўся ў рэдакцыі, якая дзякуючы магіі Пятра стала не чарговым пасрэдным працоўным калектывам, а чароўным аазісам, у якім заўсёды можна было цікава бавіць час. Менавіта там я пазнаёміўся з
многімі людзьмі, якія зрабілі маё жыццё шмат ярчэйшым. Хтосьці з іх да гэтага часу застаецца блізкім чалавекам, з кімсці я і тады, і цяпер на нажах. Але ніводзін эпізод з таго жыцця выкрасліць не
хочацца.
Наш Пётр не быў святым. Напэўна, усё-ткі на шчасце, бо ў адваротным выпадку ўсё атрымалася б куды больш правільней і сумней. Вакол Марцава заўсёды лунаў авантурны дух, які захапляў да такой
ступені, што ты быў гатовы знайсці прыгоды на сваю пятую кропку дзеля задавальнення паўдзельнічаць у чымсьці сумесным.
Натуральна, у нашых пенатах такое свята жыцця не магло доўжыцца вечна. І «каралеўскі флот» ў 2003 годзе пачаў расстрэльваць БДГ прамой наводкай. Але Марцаў быў байцом да мозгу
касцей. Неверагодным чынам яго карабель пратрымаўся на плаву яшчэ тры гады. Ды і потым не выкінуў белы сцяг, не здаўся ворагу.
Страціўшы адбудаваны газетны бізнэс, Пётр яшчэ раз прадэманстраваў, наколькі ён круты ў добрым сэнсе слова. Дзякуючы сваім мазгам Марцаў здолеў зарабіць аўтарытэт і грошы ў зусім іншых галінах.
Мог дамагчыся значна большага, але не захацеў з'язджаць з Беларусі...
Мы доўга не бачыліся і раптам выпадкова сустрэліся ў Варшаве. Гэта быў самы пачатак мінулага лета, і ніхто тады не ведаў, што яно стане апошнім для Пеці. За некалькі месяцаў да гэтага ён перанёс
складаную аперацыю, але паступова аднаўляўся. Вечар у вулічным кафэ выйшаў проста цудоўным, хоць я ўпершыню прыкмеціў сумнінку, якая пасяліліся ў вачах майго настаўніка не толькі ў журналістыцы, але
і па жыцці (шкада, не ўсе ўрокі мной былі засвоены).
Потым было яшчэ адно кафэ, на гэты раз ужо ў цэнтры Мінска. 27 жніўня мы ў кампаніі агульных сяброў абмяркоўвалі асабістыя справы і праблемы светабудовы. Паспрачаліся пра тое, куды апошнія
чатырыста гадоў рухалася Расія, але без фанатызму. І рассталіся, дамовіўшыся ў бліжэйшую суботу разам паглядзець футбол.
А ў пятніцу Пеця трапіў у бальніцу. «Ведаеш, калі б не аналізы, якія не спадабаліся лекарам, я б не адважыўся назваць сябе хворым, — сказаў Марцаў па тэлефоне. — «Адчуваю сябе вельмі добра...»
Мы стэлефанаваліся яшчэ некалькі разоў, і Пеця ўсяляк адмаўляўся ад таго, каб быць наведаным у бальніцы. А я не настаяў. Дурань...
А потым як нож у спіну з цёмнай падваротні — начная вестка пра тое, што Марцаў
памёр. Дакладней, сышоў. І немагчыма дараваць сабе страчаную магчымасць развітацца.
Поспехаў табе, дружа, у лепшым са светаў.
Аляксандр Старыкевіч, gazetaby.com