«Развіццю турызму ў Беларусі перашкаджае імідж дыктатуры»
Чаму па Карлавым мосце бегаюць нявесты ў вясельных сукенках і красоўках і чым заваблівае капліца з касцей аматараў чорнага турызму — прафесійны гід і выкладчыца курсаў для гідаў у Празе пра трэнды чэшскага турыстычнага рынку і пра тое, чым гэты досвед можа быць карысны Беларусі.
За шэсць дзён у Празе я сустрэла столькі турыстаў, колькі у Мінску, пэўна, не бачыла за ўсё жыццё. Турысты ў сталіцы Чэхіі — гэта не лічбы Белстата, колькі грамадзян перасякло мяжу нашай краіны, а рэальныя людзі – кітайцы, японцы, французы, немцы, рускія, украінцы, якія ходзяць па вуліцах, запаўняюць сувенірныя крамы, замаўляюць у рэстарацыях знакамітае чэшскае калена з півам ці качку з келіхам мараўскага. І фатаграфуюць паўсюль. Нават у метро, за што ў Беларусі да турыста ўжо б прычапіўся міліцыянт.
Дарэчы, турысты ў Празе сустракаюцца самыя розныя: пенсіянеры, сем'і з дзецьмі, моладзь.
— Турысты едуць у Прагу, каб дакрануцца да еўрапейскай гісторыі, пабачыць гістарычныя аб'екты, — распавядае прафесійны гід і выкладчыца курсаў для гідаў у Празе Галіна Навумчык.
Галіна Навумчык
Галіна адзначае, што апошнім часам назіраецца вялікая колькасць турыстаў-пенсіянераў.
— Вы не ўбачыце ніводнай прыбіральні, дзе б не было абсталявана ўсё для інвалідаў. Тое самае тычыцца дзіцячых прыбіральняў.
Прыбіральня ў адной з пражскіх рэстарацый
Спецыфіка чэшскага турыстычнага рынку вельмі цікавая, асабліва пасля таго, як Чэхія ўвайшла ў шэнгенскую зону. На сённяшні дзень Прага знаходзіцца ў пяцёрцы самых танных еўрапейскіх сталіцаў. Гэта тычыцца сервісу, гатэляў і рэстарацый.
І вось тут не паспрачаешся: чэк за вячэру ці абед у рэстарацыі цягне на 10-15 еўра. Прычым гэта не залежыць ад таго: ці гэта моднае месца у Пражскім Градзе, ці кавярня, што месціцца далёка ад турыстычных аб'ектаў.
Куфаль піва ці келіх віна мясцовай вытворчасці каштуе каля аднаго еўра.
У самым цэнтры Вацлаўскай плошчы знаходзіцца рэстарацыя Vytopna, у якой напоі развозіць цягнік.
А на самой плошчы можна пакаштаваць бражкі альбо маладога віна
«Каб аб'ехаць усе замкі Чэхіі, спатрэбіцца сем год»
А яшчэ ў Празе можна ехаць у трамваі і ўбачыць сярод пасажыраў сапраўдную нявесту ў вясельнай сукенцы. Вось толькі на нагах у яе чамусьці не туфлі на абцасах, а красоўкі.
— У Чэхіі вясельны турызм — звычайная з'ява, — тлумачыць Галіна Навумчык. — У Празе жэняцца турысты з постсавецкіх краін і Ізраіля. Апошнім рэлігія забараняе браць шлюб з прадстаўнікамі іншых канфесій, а тут працэдура вельмі простая: падаеш дакументы, ідзеш у гарадскую ратушу і шлюб рэгіструецца. У гэтым сэнсе Прага амаль Лас-Вегас! Дарэчы, многія замкі і маёнткі ў Чэхіі зарабляюць на вяселлях.
Усяго на тэрыторыі Чэхіі знаходзіцца 2,5 тысячы замкаў, маёнткаў і крэпасцяў. Гавораць, каб усе іх аб'ехаць, чалавек мусіць ездзіць кожны дзень і на гэта патраціць сем год.
Эксперт адзначае, што апошнім часам назіраецца тэндэнцыя, калі турысты разглядаюць Прагу як цэнтр турыстычных паездак. Яны спыняюцца ў недарагім гатэлі і раз'язджаюць па Еўропе.
— Вельмі папулярныя паездкі з Прагі ў Дрэздэн і ў Вену. Напрыклад, можна купіць прыватны тур, пагуляць цэлы дзень па Вене і вечарам таго ж дня вярнуцца ў пражскі гатэль, а раніцай сесці ў аўтобус і з'ездзіць у Дрэздэн, які знаходзіцца на адлегласці 170 кіламетраў, — гавроыць Галіна.
Апроч гэтага, турысты ездзяць з Прагі ў Баварыю, Мюнхен, Нюрнберг. Аднадзённы тур на Актоберфэст з Прагі сёлета каштаваў 60 еўра.
Менавіта такі тур замовіў мой спадарожнік, з якім мы ляцелі з Прагі ў Мінск. Цырульніку з Самары падарожжа падаравала на дзень народзінаў жонка. Ён быў прыемна здзіўлены чэшскім коштам. Пахваліўся, што зняў на 6 дзён жытло ў Празе за 200 долараў. І гэта быў не хостэл, а кватэра, знойдзеная праз рэсурс airbnb.com.
Пік турыстычнага сезону ў Чэхіі — Каляды і Новы год. Гатэлі на Новы год прададзеныя ўжо ў траўні-чэрвені, гаворыць Галіна Навумчык. У верасні вы наўрад ці знойдзеце вольныя нумары на зімовыя святы.
Але ж не заўсёды Прагу запаўнялі натоўпы турыстаў.
Цягам апошніх двух гадоў цэнтральная дзяржаўная агенцыя CzechTourism прыклала найвялікшыя намаганні і высілкі дзеля таго, каб разрэкламаваць краіну. Асноўная місія агенцтыі CzechTourism — фарміраванне новага ўспрымання Чэшскай Рэспублікі з акцэнтам, перш за ўсё, на яе ператварэнне з посткамуністычнай краіны ў прывабны турыстычны накірунак.
Рэкламныя ролікі, якія ставілі сваё мэтай завабіць турыстаў у Прагу і Чэхію, паказвалі па расійскіх тэлеканалах і на спецыялізаваных выставах як на тэрыторыі былога Савецкага Саюза, так і па ўсёй Еўропе.
«Вырасла новае пакаленне афіцыянтаў і прадаўцоў. Злыя і няветлівыя сышлі на пенсію»
— Апошнім часам развіваецца так званы чорны турызм — гэта падарожжы ў месцы, якія выклікаюць у людзей непрыемныя пачуцці. Такія вандроўкі для людзей, якія хочуць адчуць адрэналін у крыві і наведаць тыя месцы, якіх нідзе больш няма, — распавядае Галіна Навумчык.
Яна возіць турыстаў у Костніцу ў Кутнай гары. Капліца ў царкве зробленая з чалавечых косткак.
— Некаторыя людзі не хочуць нават туды заходзіць. Пасля наведвання Костніцы адчуваюць шок, кажуць, што гэта вар'яцтва, кашчунства, — распавядае Галіна. — У мяне падыход такі: гэта месца, дзе мы мусім думаць пра жыццё, таму што кожны з нас складаецца з такіх самых костак, якія там падвешаныя. І калі чалавек з сябе нічога не ўяўляе, то пасля яго застануцца толькі косці. А калі ён пражыў сваё жыццё годна і мае што пасля сябе пакінуць, дык зусім неістотна, у якім месцы будуць падвешаныя яго косці.
У сезон ажываюць чэшскія горы. Горналыжныя курорты Чэхіі карыстаюцца папулярнасцю ў замежнікаў. Сюда прыязджаюць расейцы, аўстрыйцы, палякі і беларусы. Жадаючыя паправіць здароўе, прыязджаюць у санаторыі Цепліцы. А яшчэ Чэхія вядомая як краіна піва і віна. Вялікую частку ў турыстычнай сферы займае так званы гурманскі турызм.
Чаго толькі не знойдзеш на паліцах сувенірных крамаў
Развіваецца таксама паляўнічы і аграрны турызм. Можна правесці выходныя на прыватнай ферме, папіць свежага малака, самому падаіць карову.
Пры агратурыстычных фермах звычайна ёсць конезаводы. Сем'і едуць з дзецьмі, каб у выходныя пакатацца на конях.
Пасля таго, як Чэхія стала краінай шэнгенскай зоны, турыстычны паток значна павялічыўся. Са станоўчых тэндэнцый эксперт адзначае паляпшэнне сэрвісу.
— Вырасла новае пакаленне афіцыянтаў і прадаўцоў. Злыя і няветлівыя сышлі на пенсію, — жартуе Галіна.
Кожная сям'я можа зарабляць на турыстах
Наколькі чэхі гасцінная нацыя, ці не раздражняюць іх турысты?
Галіна лічыць, што чэхі разумеюць, што турысты – гэта іх кашалёк. Кожная сям'я мае магчымасць зарабляць на турызме.
— З 2008-га года ў Чэхіі была адмененая сертыфікацыя гідаў. Гэта было зроблена для развіцця рынкавых умоваў. Лічылася, што калі гід — непрафесіянал, ніхто не будзе замаўляць ягоныя паслугі. Але на практыцы так задараецца вельмі рэдка. Пакуль рынак раскусіць гэтага гіда, ён паспее абдурыць шмат людзей, — гаворыць Галіна.
Сёння турыстычныя агенцыі не бяруць на працу гідаў, якія не здалі іспыт па геаграфіі і гісторыі Чэхіі. Але гэта не значыць, што індывідуальныя турысты не могуць нарвацца на гіда-непрафесіянала. Вы будзеце ісці па Празе, вас зловяць за руку і прапануюць экскурсію літаральна за тры капейкі. Канкурэнцыя на рынку вельмі вялікая.
На курсы для гідаў у Празе запісваюцца пераважна высокаадукаваныя хатнія гаспадыні, а таксама людзі, якія атрымалі ў Чэхіі від на жыхарства. Быць гідам у Празе больш прэстыжна, чым мыць падлогі ці нянчыць дзяцей.
Маладыя мужчыны разглядаюць курсы для гідаў як старт. Часта яны прапануюць паслугу два ў адным — кіроўца і гід.
Занялі сваю нішу на рынку студэнты, якія свабодна валодаюць замежнымі мовамі.
Каб працаваць гідам у Чэхіі, дастаткова зарэгістравацца як прадпрымальніку у падаткавай інспецыі. За два дні вам зробяць дакументы, і ўсё што ад вас патрабуецца — у канцы года заплаціць падаткі.
З апошніх тэндэнцый на турыстычным рынку — з'яўленне інтэрнэт-крамаў экскурсій. Гіды апісваюць свае экскурсіі ў падрабязных праграмах. Можна пазнаёміцца з водгукамі турыстаў і замовіць экскурсію на канкрэтную дату.
«Заходні чалавек, які прыязджае ў Беларусь, як быццам трапляе на машыне часу ў сярэдзіну 20-га стагоддзя»
Як беларусы маглі б скарыстаць чэшскі досвед у развіці турызму?
— Калі краіна мае імідж дыктатуры, шанцаў развіваць замежны турызм у яе мала. Нават нягледзячы на розныя чэмпіянаты і фестывалі. Калі прэзідэнт не сустракаецца з кіраўнікамі іншых дзяржаваў, не паціскае рукі каралеве Вялікабрытаніі, калі чыноўнікам з палітычных прычынаў забаронены выезд за мяжу, якое можа быць стаўленне да краіны? — лічыць Галіна Навумчык. — Трэба адкрываць Беларусь для дэмакратычных рэформаў, да свабоды. Найперш гэты тычыцца прэзідэнцкіх выбараў у наступным годзе.
У Беларусь вельмі мала ездзіць турыстаў з заходніх краінаў. Прадстаўнікі службаў сэрвісу не гавораць па-англійску. Аднак я ўпэўненая, як будзе патрэба і неабходнасць, у крамах і рэстарацыях хутка загавораць па-англійску. Пару гадоў таму была ў Сан-Марына, здзівілася, што ў кожнай краме размаўлялі па-руску. Што за цуд такі, спыталася. Прадавец патлумачыла, што 70% турыстаў рускія альбо рускамоўныя і іншымі мовамі не валодаюць. Таму прадаўцы пайшлі на курсы вучыць рускую мову.
У Беларусі вялікі турыстычны патэнцыял. Запаведнікі, заказнікі, прырода могуць завабіць турыстаў з розных краінаў. Супрацоўніцтва з міжнароднымі турыстычнымі арганізацыямі — прафесійнымі і аматарскімі — дало б добры штуршок для развіцця розных накірункаў у сферы турызму.
Варта развіваць унутраны турызм. Чэхі шмат падарожнічаюць па сваёй краіне.
Трэба глядзець праўдзе ў вочы: Беларусь за апошнія 20 год выпала з еўрапейскага кантэксту. У краіне няма міжнародных брэндаў, няма пазнавальных крамаў, а шопінг — гэта таксама частка турпаездкі.
Заходні чалавек, які прыязджае ў Беларусь, як быццам трапляе на машыне часу ў сярэдзіну 20-га стагоддзя. Пасля перапынку ў 10 год я прыехала ў Мінск, зайшла ў ГУМ і была шакаваная.
У краме тыя самыя паліцы, што і дзесяць год таму. На апошнім паверсе я ўбачыла дзіцячыя фланэлевыя шапачкі з начосам, паўзуны на завязачках і пялюшкі, амаль як тыя, у якіх мяне гадавалі.
Краіна вельмі адстала ў спажывецкім развіцці, і беларусы, якія не ездзяць за мяжу, гэтага не адчуваюць.
Памятаю, прыязджала з Прагі да свайго дзядулі, і ён пытаўся, ці ёсць мяса ў пражскіх крамах? І калі я пачынала распавядаць, што ёсць мяса ў выглядзе паляндвіцы, лапаткі, стэйкаў і гэтак далей,дзядуля шалеў. Ён сабе не мог уявіць, чаму там гэта ёсць, а ў нас няма.
…Здаецца, рэдактар “Народнай волі” Іосіф Сярэдзіч, адказваючы ў інтэрв'ю на пытанне, калі б у вас было шмат грошай, што б вы з імі зрабілі, сказаў, што кожнаму жыхару Беларусі купіў бы паездку ў адну з еўрапейскіх сталіц. Я з гэтым адказам згодная. Таму што людзі, якія не выязджалі за межы сваёй вёскі, свайго гарадскога пасёлка, нават па тэлевізары не могуць убачыць, у якіх спажывецкіх умовах жыве свет.
Я бачу, што за апошні час зроблена ў турыстычнай сферы Беларусі вельмі шмат. Адноўлены знакамітыя замкі, рэстаўруюцца і адкрываюцца для турыстаў помнікі архітэктуры, пашыраюцца курортна-санаторныя зоны. Прыватны бізнес (экалагічныя, аграрныя сядзібы) заняў даволі вялікае месца ў арганізацыі адпачынку людзей.
Шмат маіх знаёмых праводзяць выходныя дома, вандруючы па Беларусі. Сябры з Прагі ездзяць адпачываць дадому.
У мяне ёсць вялікае спадзяванне, што еўрапейская краіна Беларусь, з неверагодна багатаю гісторыяй, цудоўна захаванай прыродай, гасціннымі і сардэчнымі жыхарамі, у хуткім часе стане заслужана годнаю і канкурэнтнаю на еўрапейскім турыстычным рынку.
Таццяна Гусева, www.zautra.by