Расследаванне ў дачыненні да супрацоўнікаў Ленінскага РУУС Мінска па справе аб збіванні вартаўніка аўтастаянкі спынена
Крымінальная справа ў дачыненні да супрацоўнікаў Ленінскага РУУС Мінска, удзельнікаў інцыдэнту з вартаўніком аўтастаянкі Васілём Сарочыкам, спынена. Як паведаміў БелаПАН афіцыйны прадстаўнік Упраўлення Следчага камітэта па Мінску Аляксандр Герасімаў, сабраныя доказы не пацвярджаюць учыненне падазронымі супрацоўнікамі міліцыі крымінальна-каральных дзеянняў.
У той жа час, адзначыў ён, "устаноўлены парушэнні міліцыянерамі Крымінальна-працэсуальнага кодэкса пры правядзенні працэсуальных дзеянняў". Таму да іх прыменены меры
дысцыплінарнага ўздзеяння.
Аб катаваннях у дачыненні да Сарочыка, вартаўніка аўтастаянкі, якая размешчана па вуліцы Малініна ў Мінску і належыць УП "Рамэн", паведаміла праваабарончая
інфармацыйна-асветная ўстанова "Платформа". На сайце "Платформы" (www.platformarb.com) быў размешчаны відэарасказ
пацярпелага. Затым ён паўтарыў свой расказ на прэс-канферэнцыі.
Інцыдэнт адбыўся 14 лістапада. Паводле слоў Сарочыка, у пункт аховы аўтастаянкі прыйшлі два супрацоўнікі праваахоўных органаў, адзін з якіх быў у цывільным. Не прад'яўляючы
дакументаў і нічога не тлумачачы, яны загадалі вартаўніку накіроўвацца ў Ленінскае РУУС. Каля гадзіны Сарочык знаходзіўся ў памяшканні дзяжурнай часці ўпраўлення, а затым яго адвялі на допыт.
Пазней высветлілася, што допыт праводзіла оперупаўнаважаная Ленінскага РУУС Багданоўская Ж.П.
Паводле слоў Сарочыка, оперупаўнаважаная надзела на яго наручнікі і стала збіваць, патрабуючы прызнацца ў крадзяжы надмагільных пліт, якія захоўваліся на тэрыторыі аўтастаянкі, а таксама
саляркі і акумулятараў з машын. Акрамя таго, ад вартаўніка спрабавалі дабіцца прызнання аб тым, што ён перыядычна рабаваў кіёскі на рынку "Свелта".
Пенсіянер паспрабаваў растлумачыць, што не ведае, пра што ідзе гаворка, але пасля гэтага пабоі толькі ўзмацніліся. Як сцвярджае Сарочык, яго білі нагамі і дубінкамі па галаве і целе, да збівання
перыядычна падключаліся іншыя супрацоўнікі РУУС. Катаванні суправаджаліся нецэнзурнай лаянкай і пагрозамі забойства. Калі састарэлы чалавек губляў прытомнасць, яго прыводзілі ў прытомнасць, абліваючы
халоднай вадой.
Усё гэта доўжылася прыкладна шэсць гадзін, але ніякага прызнання ад Сарочыка міліцыянеры не атрымалі. У выніку ў дачыненні да яго склалі нейкі дакумент, які пенсіянер падпісаў, калі ўжо быў не ў стане яго прачытаць, і адпусцілі дамоў.
З міліцыі Сарочык адправіўся ў 10-ю гарадскую клінічную бальніцу, каб зняць пабоі, але там ад яго запатрабаванні накіраванне з РУУС. Тады збіты вартаўнік звярнуўся з зваявай у пракуратуру
Ленінскага раёна Мінска і ў ІАУ "Платформа" з просьбай аб дапамозе. "Платформа", у сваю чаргу, праінфармавала аб здарэнні Генпракуратуру, МУС і Следчы камітэт.
Пракуратура накіравала матэрыялы ў Ленінскі раённы аддзел СК, які праводзіў праверку, затым работу прадоўжыла ўпраўленне Следчага камітэта па Мінску.
У канцы лістапада з'явілася інфармацыя, што на Сарочыка пачаўся ціск з боку міліцыі. Яму тэлефанавалі прадстаўнікі Ленінскага РУУС, на аўтастаянцы, дзе ён працуе, спрабавалі пабываць
некалькі супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. Праваабаронцы лічаць, што міліцыянеры хацелі прымірыцца з пенсіянерам.
12 снежня МУС і СК афіцыйна заявілі, што асноўная задача следства па справе аб перавышэнні ўлады супрацоўнікамі Ленінскага РУУС — "правядзенне незалежнага расследавання і
ўстанаўленне ісціны".
13 снежня было аб'яўлена: следства прызнала падазронымі ва ўчыненні злачынства па ч. 3 арт. 426 КК (перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў, учыненае службовай асобай, якое яўна
выходзіць за межы правоў і паўнамоцтваў, дадзеных па службе) чатырох службовых асоб Ленінскага РУУС сталіцы.
На падставе арт. 223 і 224 КПК з удзелам пацярпелага 11 снежня былі праведзены працэдуры апазнання. Па іх выніках, а таксама на падставе іншых матэрыялаў крымінальнай справы следствам
былі прынятыя працэсуальныя рашэнні аб прызнанні супрацоўнікаў міліцыі падазронымі. Мера стрымання ў дачыненні да іх не абіралася.
У статусе падазроных знаходзіліся оперупаўнаважаны Жанна Багданоўская і трое супрацоўнікаў-мужчын, якіх апазнаў Сарочык.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН