Рассельгаснагляд у чарговы раз звінавачвае Беларусь
Рассельгаснагляд зноў выстаўляе прэтэнзіі Беларусі. На гэты раз падставай для абвінавачанняў стала затрыманне 10 кастрычніка 18 тон украінскіх таматаў, якія, як сцвярджае Рассельгаснагляд, прыбылі з Беларусі і заражаныя заходнім (ці каліфарнійскім) кветкавым трыпсам.
Прадукцыя суправаджалася рээкспартным фітасанітарным сертыфікатам, выдадзеным Галоўнай дзяржаўнай інспекцыяй па насенняводстве, каранціне і ахове раслін Беларусі, паведамляе расійскае ведамства на сваім афіцыйным сайце.
«Характэрна, што Рассельгаснагляд больш як месяц таму звярнуўся ў Галоўную дзяржаўную інспекцыю па насенняводстве, каранціне і ахове раслін Беларусі з настойлівай просьбай няўхільна выконваць міжнародныя патрабаванні пры рээкспарце расліннай прадукцыі, — гаворыцца ў паведамленні. — Рассельгаснагляд таксама інфармаваў удзельнікаў знешнеэканамічнай дзейнасці аб неабходнасці атрымання сертыфікату пры перамяшчэнні прадукцыі ў рэжыме рээкспарту. Аднак з парушэннем міжнароднага заканадаўства копіі ў гэтым выпадку ўкраінскага фотасанітарнага сертыфікату пры рээкспарце прадукцыі беларускім бокам прыкладзена не было».
Пры гэтым, зазначае Рассельгаснагляд, «застаецца няясным, дзе адбылося заражэнне або перазаражэнне прадукцыі, таму што, напрыклад, для Беларусі заходні, або каліфарнійскі, кветкавы трыпс не з’яўляецца каранцінным, будучы каранцінным як для Расіі, так і для Украіны».
«Сітуацыя паказала няздольнасць упаўнаважаных органаў Украіны і Беларусі забяспечыць выкананне каранцінных фітасанітарных патрабаванняў краін — імпарцёраў расліннай прадукцыі, што з'яўляецца парушэннем асноўнага патрабавання міжнароднага заканадаўства пры міжнародных перавозках падкаранціннай прадукцыі», — заяўляе расійскае ведамства.
Паведамляецца таксама, што Рассельгаснаглядам «сістэматычна выяўляюцца выпадкі рэалізацыі забароненай да паставак прадукцыі, вырабленай у краінах Еўрасаюза, на плодаагароднінных рынках Маскоўскай вобласці». «Нярэдка такая прадукцыя аказваецца заражанай каранціннымі шкоднымі арганізмамі. Як правіла, таварасуправаджальныя дакументы на такую прадукцыю адсутнічаюць, аднак маркіроўка прадукцыі сведчыць аб яе рээкспарце праз Беларусь. Да гэтага дня прадухілены пастаўкі больш як 1.300 тон забароненай да ўвозу прадукцыі больш чым у 130 выпадках», — гаворыцца ў паведамленні.
Рассельгаснагляд выказвае «сур'ёзную занепакоенасць у сувязі з наяўнай сітуацыяй і пакідае за сабой права ўвядзення дадатковых ахоўных мер пры ўвозе расліннай прадукцыі на тэрыторыю Расіі».
Нагадаем, 13 кастрычніка ў Мінску павінна прайсці першая сустрэча беларуска-расійскай групы па пытаннях удасканалення паставак харчавання. Дамоўленасць аб яе стварэнні была дасягнута 1 кастрычніка на перамовах кіраўніка Рассельгаснагляду Сяргея Данкверта і міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Леаніда Зайца.
Паведамлялася таксама аб стварэнні ў Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) рабочай групы для выяўлення і прадухілення выпадкаў паставак тавараў у РФ цераз Беларусь.
На сустрэчы ў Мінску, якая мае адбыцца, плануецца прысутнасць супрацоўнікаў ветэрынарных і фітасанітарных службаў Беларусі і Расіі, а таксама прадстаўнікоў ЕЭК.
Па тэме: Рассельгаснагляд можа выказаць недавер сертыфікатам Беларусі