Расіі пільна патрэбныя новыя грамадзяне?
Беларусам, якія пражылі ў РФ толькі год, прапануюць расійскае грамадзянства. І не толькі беларусам — прыдадуцца і грамадзяне Казахстана, Малдовы і Украіны, якія жывуюць у Расіі.
Дэпутат Дзярждумы Канстанцін Затулін прапанаваў папраўкі ў закон «Аб грамадзянстве», згодна з якімі грамадзяне Беларусі, Казахстана, Малдовы і Украіны, якія пражываюць у Расіі, змогуць атрымаць грамадзянства РФ паводле спрошчанай схемы, піша «Люстэрка».
У версіі законапраекта, які быў прыняты ў Расіі ў першым чытанні, такое права прадугледжваецца толькі праз указ прэзідэнта.
«Папраўка аднаўляе права, прадугледжанае дзеючым законам для грамадзян Рэспублікі Беларусь, Рэспублікі Казахстан, Рэспублікі Малдова і Украіны, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, г. зн. атрымалі від на жыхарства. У тлумачальнай запісцы да законапраекта гаворыцца, што гэтай катэгорыі грамадзян можна будзе даць права на грамадзянства праз указ прэзідэнта. Але навошта чакаць указа? Калі дзеючы закон гэта права ім дае, чаму новы закон яго адымае? Прапанаваная папраўка здымае пытанне», — сказана ў тлумачэнні да папраўкі.
Парламентарый РФ таксама распавёў, што хоча скараціць тэрмін, які трэба пражыць у Расіі для таго, каб мець права на спрошчанае грамадзянства, з трох гадоў да аднаго года.
Законапраектам таксама прадугледжана скарачэнне колькасці патрабаванняў больш чым да 20 катэгорыям асоб пры прыёме іх у расійскае грамадзянства, а таксама пашырэнне паўнамоцтваў прэзідэнта па вызначэнні катэгорыі асоб, якія маюць права на спрошчанае набыццё грамадзянства РФ.
Навіна пра спрошчанае грамадзянства гучыць сёння тым больш пагрозліва, калі прыгадаць, што сёння аналітыкі Інстытута вывучэння вайны (ISW) распавялі, што Пуцін мабілізуе АПК для працяглай вайны. І Крамлю даводзіцца рабіць выбар паміж кваліфікаванымі рабочымі і вайскоўцамі.
Выбар няпросты: даслаць чалавека салдатам на вайну або на завод, каб выпускаць новую зброю. Так, на заводах абмяркоўваюць павелічэнні зарплаты і прадастаўленне адтэрміноўкі ад ваеннай службы.
На думку аналітыкаў ISW, гэта кажа пра тое, што Крэмль можа аддаць перавагу кваліфікаваным рабочым на вытворчасці зброі, а не прафесійным вайскоўцам у зоне баявога сутыкнення.
Разам з тым плануецца і новы этап мабілізацыі — у армію РФ хочуць набраць яшчэ 400 тысяч чалавек.