Прыфрантавы дзённік Уладзіслава Ахроменкі: Як пачынаюцца сучасныя войны
Кіеўскія ўлады сарамліва называюць гэты канфлікт «Антытэрарыстычнай аперацыяй», але кожны, хто бываў на Усходзе Украіны, ведае, што там ідуць поўнамаштабныя вайсковыя дзеі.
У зоне ўзброенага канфлікту пабываў пісьменнік і карэспандэнт Беларускага “Радыё Рацыя” Уладзіслаў Ахроменка.
Ён спыняўся зусім блізка пазіцый баявікоў, бачыў наступствы вайны і размаўляў з самымі рознымі людзьмі: вайскоўцамі, уцекачамі, высокапасадоўцамі, пацярпелымі ад абстрэлаў і нават жыхарамі з самаагалошанай “ЛНР”.
Сучасныя войны не пачынаюцца з масіраваных артабстрэлаў, уваходаў у гарады танкавых калон і каменданцкай гадзіны. Першапачатковая мэта сучаснага акупанта — пераканаць людзей, прызначаных для акупацыі, што ён, акупант, насамрэч прыйшоў тых людзей не забіваць, а вызваляць. І галоўнае тут падабраць трапныя словы.
Увесну 2014 года расійскае тэлебачанне, характэрызуючы сітуацыю ва Украіне, такія словы знайшло:
— Эти кровожадные Турчинов, Яценюк, Кличко, они просто хотят стереть Донбасс с лица земли! Вечный позор киевской хунте! Люди будут выходить на все улицы, они будут перекрывать дороги, чтобы не допустить этих киевских карателей, киевских нацистов!» (тэлеканал NewsFront)
Ключавыя словы, “хунта” і “карнікі”, былі абраныя нездарма. Слова “хунта” апелюе да свядомасці таго пакалення савецкіх людзей, якое памятае праграмы “Час” і рэпартажы пра “крывавую хунту Піначэта”. А слова “карнікі” адразу стварае цэлую палітру вобразаў: спаленыя вёскі, шыбеніцы на плошчы, скачанелыя трупы і звераватыя нацысты з зондэркамандаў у форме Вермахта…
Аднак у хуткім часе пісьменна сфабрыкаваныя страшылкі пра “хунту” і “карнікаў” завалодалі шырокімі народнымі масамі на Данбасе. Але ці адпавядалі тыя страшылкі рэальнаму стану рэчаў?
Распавядае жыхар Севераданецка Арыф Багіраў, сведка падзеяў вясны 2014 г.
— Уся гэтая істэрыя нагняталася звонку. Ніякія “бандэры” і “майданутыя” нікога не забівалі і не рэзалі. Людзі глядзелі расійскае тэлебачанне, чыталі расійскія інтэрнэт-рэсурсы. А ў нас тут — багата расейцаў, якія разносілі тыя жахі па горадзе. Істэрыя нагняталася штодня…
Але чаму людзі давалі веры відавочным бздурам? Галоўны рэдактар севераданецкага тэлеканала “Ірта” Ірына Козырава — карэнная луганчанка, і ведае сітуацыю ў краі знутры:
— Далася ў знакі найперш савецкая адукацыя, савецкая ментальнасць: свята верыць таму, што паказваюць па тэлевізары. Памятаеце, за часамі СССР быў такі Першы тэлеканал, які потым стаў “ОРТ”, то людзі, якія тое тэлебачанне глядзелі, свята яму верылі. А ў 2014 годзе Луганскую вобласць, якая цяпер фактычна акупаваная, пазбавілі ўкраінскага тэлебачання і ўкраінскага радыё. То і атрымалася, што ўсю інфармацыю людзі атрымлівалі толькі з адной крыніцы — розных там ”LifeNews” “Россия 24” і гэтак далей. У траўні 2014 года, і асабліва ўлетку, тут пачалася страляніна. Людзі былі напружаныя і знерваваныя, і таму давалі веры самым неверагодным чуткам і самай прымітыўнай тэлевізійнай брахні. Калі чулі недзе за колькі кіламетраў стрэлы і выбухі — адразу думалі, што гэта прыйшлі львоўскія бандэраўцы, каб іх забіваць…
У Кіеве, аднак, занадта позна ўцямілі, што супраць Украіны ідзе поўнамаштабная інфармацыйная вайна. Так, прынамсі, мяркуе дырэктар севераданецкай філіі Луганскага тэлеканала “ЛОТ” Андрэй Шапавалаў:
— Поўнамаштабная вайна, інфармацыйная агрэсія. Чалавек па сваёй сутнасці схільны верыць міфам, і толькі зусім малая частка людзей не ўспрымае падобнай прапаганды… Ну як, каб па тэлевізары, ды каб брахалі?! Такога не можа быць! Людзі не разумелі, што імі проста маніпулявалі. І ўсё тут залежыць выключна ад сумлення людзей, якія займаюцца інфармацыйнай палітыкай. А на ўсходзе ад нас — сучасныя гебельсы…
Як бы тое ні было, але інфармацыйная атака дасягнула мэты. Пра далейшыя падзеі на Луганшчыне распавядае намеснік старшыні Луганскай вайскова-цывільнай адміністрацыі Юрый Кліменка:
— Інфармацыйная атака аказалася трапнай. Распаўсюджвалася такое: маўляў, па хуткім часе тут з’явацца нейкія зверы з Заходняй Украіны, якія ўсіх будуць забіваць за расейскую мову. А таму нам, луганчанам, маўляў, трэба тэрмінова прасіць абароны ў “Старэйшага Брата” з Расеі, каб нас абаранілі ад забойстваў і катаванняў. Вы ж самі выдатна разумееце: ніхто і нікога тут забіваць не збіраўся. Але ж людзі верылі ў адваротнае…
Рубежнае (недалёка ад Севераданецка). 21.04.2014 г. Прарасійскія сепаратысты атакуюць мітынг украінскіх патрыётаў.
Прадчуванне кепскага — доля неўротыкаў. Але ж інфармацыйнае поле Беларусі прасякнутае расейскімі прапагандысцкімі тэлеканаламі, бы тымі метастазамі, у такой жа ступені, як і ўкраінскае ўвесну 2014 года. І прадчуванне гэтага — не толькі ў мяне.
Андрэй Шапавалаў:
— Вельмі хачу засцерагчы беларусаў ад магчымых правакацый. Бо тое, што мы бачым у інфармацыйным полі Беларусі — практычна калька луганскіх падзеяў увесну 2014 года. Увесну 2014 года ва Украіне таксама не верылі, што інфармацыйная вайна можа перайсці ў вайну звычайную…
Юрый Кліменка:
— Упершыню Луганская вобласць была абстраляная з тэрыторыі Расейскай Федэрацыі з гарматаў калібраў больш за 100 мм. І з “Градаў”. Тады было багата ахвяраў… Пасля чаго пачаліся заходы рэгулярных расейскіх войскаў.
Сярод тых ахвяраў расейскіх “Градаў”, між іншым, былі і тыя, хто свята верыў расейскаму тэлебачанню, бегаў па вуліцах з расейскімі трыколерамі і лямантаваў: “Россия, введи войска!..»