Прэс-сакратар БПЦ: мітрапаліт не забараняў катэгарычна выконваць «Магутны Божа»
Прэс-сакратар Беларускай праваслаўнай царквы Сергій Лепін пракаментаваў нядаўню забарону мітрапаліта Веніяміна на выкананне гімна «Магутны Божа», паведамляе «Еўрарадыё».
![Мітрапаліт Венямін / church.by Мітрапаліт Венямін / church.by](/img/v1/images/vienia_1610.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Мітрапаліт Венямін / church.by
14 кастрычніка кіраўнік БПЦ у Пакроўскай царкве Гродна заявіў, што не варта спяваць гімн "Магутны Божа", бо ён "падзяляе наша грамадства". Заява выклікала вялікі розгалас у Беларусі.
Па словах Лепіна, усе не так усё зразумелі.
«Гэта была размова на канкрэтнай парафіі пра бягучыя справы — парафіяльныя і епархіяльныя. Патрыяршы Экзарх не ставіў сваёй мэтай агучыць праграмную заяву на ўсю краіну, гаворка не ідзе пра катэгарычную забарону выконваць "Магутны Божа". Заўвага Уладыкі датычыла выканання гэтага гімна ў богаслужбовым кантэксце. Уладыка Веніямін звярнуў увагу, што часам настаяцелі пры выбары рэпертуару дадатковых спеваў, што выконваюцца на прыходзе, не ўлічваюць меркаванне ўсёй сваёй паствы. Пры гэтым некаторыя вернікі бачаць у гімне "Магутны Божа" негатыўныя палітычныя канатацыі, бо яго словы напісаныя ў 1943 годзе Наталляй Арсенневай — жонкай Францішка Кушаля, лідара Беларускай краёвай абароны. Не жадаючы ўступаць у працяглыя спрэчкі па сутнасці тэксту, музыкі і абставінаў узнікнення гэтага твора, кіраўнік БПЦ акцэнтаваў увагу, што не варта выконваць "Магутны Божа" ў межах набажэнства і на прыходзе дзеля міру абшчын», — напісаў Лепін у Фэйсбуку.
Дарэчы, ад пачатку 1990-х у Магілёве ладзіцца фэст духоўнай музыкі "Магутны Божа". У ім удзельнічаюць у тым ліку і праваслаўныя выканаўцы. Апошнім часам фэст, які быў штогадовым, сталі ладзіць раз на два гады.