Праваабаронцы "Вясны" пакінулі свой офіс

Сёння раніцай праваабаронцы незарэгістраванага цэнтра "Вясна" пакінулі свой офіс, канфіскаваны дзяржавай, але спыняць дзейнасць не збіраюцца.



untitled.jpg

Праваабаронцы выехалі з памяшкання, у якім працавалі на працягу 12 гадоў. Кватэра належала лідару "Вясны" Алесю Бяляцкаму, асуджанаму паводле абвінавачання ва ўхіленні ад выплаты падаткаў на 4,5 года пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

24 лістапада споўніўся роўна год з моманту вынясення прысуду Бяляцкаму, які таксама з'яўляецца віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека. Як падкрэсліў сёння Валянцін Стэфановіч, Бяляцкі асуджаны, па сутнасці, за атрыманне фінансавых сродкаў на дзейнасць закрытага ўладамі цэнтра "Вясна". "Гэты прыгавор мы адназначна расцэньваем як расправу над найвядомейшым беларускім праваабаронцам і спробу спыніць дзейнасць праваабарончай арганізацыі. У гэтым жа кантэксце мы разглядаем і канфіскацыю памяшкання, дзе на працягу апошніх 12 гадоў размяшчаўся цэнтральны офіс "Вясны", — заявіў намеснік Бяляцкага.

Паводле слоў Стэфановіча, за час існавання офіса яго наведалі тысячы грамадзян, якім аказвалася прававая дапамога, збіраліся сродкі для падтрымкі палітзняволеных, праводзіліся прэс-канферэнцыі, трэнінгі і семінары. "Мы заўсёды ажыццяўлялі сваю дзейнасць адкрыта, нягледзячы на адсутнасць рэгістрацыі з 2003 года і звязаную з гэтым пагрозу пераследу", — зазначыў праваабаронца.
 

"Рэпрэсіі супраць кіраўніка і членаў праваабарончага цэнтра, а таксама канфіскацыя маёмасці не спыняць нашу працу, мы не закрыем ніводзін з кірункаў легітымнай дзейнасці арганізацыі па абароне правоў чалавека, — падкрэсліў Стэфановіч. — Мы мяркуем, што наша дзейнасць з'яўляецца легітымнай, яна пераследуе легітымныя меры па абароне правоў чалавека. Не наша віна ў тым, што дзяржава не можа і не хоча стварыць умовы для такой дзейнасці і выканаць свае абавязкі ў сферы свабоды асацыяцый і свабоды прыватных асоб".

Канфіскацыя офіса — сур'ёзны ўдар для арганізацыі, але ў новым годзе праваабаронцы плануюць аднавіць сваю дзейнасць у поўным аб'ёме ў новым офісе, сказаў Стэфановіч. "Для нас важна мець такое месца, таму што праваабарончая арганізацыя не можа існаваць віртуальна ў інтэрнэце. Мы працуем у першую чаргу з людзьмі, і людзі павінны ведаць, дзе нас знайсці", — падкрэсліў ён.

Пакуль жа грамадская прыёмная "Вясны" часова будзе працаваць у офісе руху "За Свабоду". "Тыя, хто працуе з інфармацыяй, маніторынгамі, вядзе сайт, будуць працаваць з дому. Усе мы працягваем быць даступнымі па тэлефонах, і, калі ўзнікне такая патрэба, мы гатовы сустрэцца з людзьмі", — заявіў Стэфановіч.

Праваабаронца таксама падкрэсліў: "Мы па-ранейшаму будзем працаваць адкрыта і публічна".

Сяргей Пульша, БелаПАН