Праваабаронцу Насту Лойка сёння зноў судзілі (дапоўнена)

Праваабаронцу Насту Лойка сёння асудзілі паводле адміністрацыйнай справы. На волі яе пасля затрымання на 15 сутак не дачакаліся — а цяпер ёй прызначылі новыя 15 сутак

nasta_lojka_5.jpg

Справу Насты Лойка а 12-й гадзіне разглядалі ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска, паведамляюць праваабаронцы.
Паводле афіцыйнай версіі, агучанай у судзе, нібыта адразу пасля выхаду з мінулых сутак Наста Лойка пачала «паводзіць сябе абуральна», за што і была зноў затрыманая.
Сённяшні судовы працэс праходзіў па Skype. Справу разглядала суддзя Юлія Блізнюк. Сведкам выступаў супрацоўнік Фрунзенскага РУУС Талкачоў.


Нагадаем, Наста Лойка была затрымана 6 верасня пасля абвяшчэння прысуду каардынатарцы валанцёрскай службы «В*сны» Марфе Рабковай і яшчэ дзевяці палітвязням. Насту Лойка абвінавацілі нібыта ў «дробным хуліганстве», за гэта суд на наступны дзень, 7 верасня, пакараў яе 15 суткамі арышту.
Пасля 15 сутак адміністрацыйнага арышту Наста на волю не выйшла. Аднак жа, згодна з версіяй суда, Насту ўсё ж выпусцілі — і адразу ж зноў затрымалі.