Праваабаронца Яўгенія Бабаева расказала, як сілавікі спрабавалі яе завербаваць і далі псеўданім «Жана»
Праваабаронцу «Вясны» Яўгенію Бабаеву затрымалі 14 ліпеня ў Мінску і змясцілі ў ІЧУ на 72 гадзіны. Пасля выхаду на волю яна распавяла тэлеканалу «Дождь» пра тое, як сілавікі прапаноўвалі ёй супрацоўніцтва.
«Калі я падышла да дзвярэй сваёй кватэры, з усіх бакоў мяне
атачылі супрацоўнікі ДФР», — расказвала пра сваё затрыманне Яўгенія Бабаева.
Пасля гэтага жанчыне паказалі пастанову аб ператрусе. На
думку Яўгеніі, сілавікі не да канца разумелі, чаму ператрус вырашылі правесці
менавіта ў яе кватэры, яны таксама не былі ў курсе таго, што Яўгенія і яе муж — грамадзяне Расіі. Пазней Яўгеніі прад’явілі артыкул аб нясплаце падаткаў.
Потым праваабаронцу адвезлі ў ДФР.
«Да мяне падышоў супрацоўнік ДФР, які прыходзіў да мяне дадому, і сказаў: "Начальства прыняло рашэнне вас затрымаць на 72 гадзіны". У пятніцу, за дзень да выхаду, да мяне зноў прыходзілі трое супрацоўнікаў ДФР, зноў на размову, без адваката, — распавяла Яўгенія Бабаева. — Пазней яны прапанавалі мне здзелку: што я буду аператыўным супрацоўнікам пад псеўданімам і буду даносіць інфармацыю. Потым яны далі падпісаць мне паперкі. Я разумела, што гэтыя паперкі нічога не вартыя. Галоўнае для мяне было — выйсці на свабоду, і потым разбяромся», — дадала грамадзянка Расіі, заявіўшы, што скарысталася прапановай сілавікоў — падпісала ўсе дакументы і ўзяла псеўданім «Жана».
Пры гэтым яна адзначыла, што не збіраецца працаваць на рэжым, а
пагадзілася на супрацоўніцтва з сілавікамі толькі для таго, каб апынуцца
спачатку на волі, а потым — у бяспечным месцы.
Яўгенія Бабаева і яе муж пераехалі ў Беларусь з Масквы больш
за пяць гадоў таму. Пасля прэзідэнцкіх выбараў яны вырашылі дапамагаць сваякам
затрыманых.
Яўгенія Бабаева супрацоўнічала з праваабарончым цэнтрам
«Вясна» як валанцёр, дзяжурыла каля аддзяленняў міліцыі і наведвала суды па
справах затрыманых удзельнікаў пратэстаў.
14 ліпеня па ўсёй Беларусі сілавікі затрымалі 11
праваабаронцаў-«вясноўцаў», а таксама дваіх былых сябраў «Вясны». Восем праваабаронцаў
затрымалі ў рамках крымінальных спраў паводле ч. 1 і 2 арт. 342 («Арганізацыя і
фінансаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак») і ч.
2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса («Ухіленне ад выплаты падаткаў») на 72 гадзіны.
Паводле «Свабоды».