Пракурор запрасіў журналісту-расследавальніку Сяргею Сацуку 8 гадоў зняволення

Прысуд журналісту-палітвязню Сяргею Сацуку вынесуць 26 кастрычніка ў Мінскім гарадскім судзе.

sjarhej_sacuk.webp

У Мінскім гарадскім судзе разглядаецца крымінальная справа палітзняволенага журналіста Сяргея Сацука, нагадваюць праваабаронцы. Справу вядзе суддзя Святлана Бандарэнка. Менавіта яна адправіла за краты журналістку T*T.BY Кацярыну Барысевіч за матэрыял пра смерць Рамана Бандарэнкі.

Сяргея Сацука затрымалі 8 снежня 2021 года пасля ператрусу і допыту ў Следчым камітэце. Да суда ўтрымліваўся ў Следчым ізалятары ў Мінску. Доступ да сайта ej.by, дзе Сацук публікаваў свае журналісцкія расследаванні, быў заблакіраваны.

Як стала вядома пазней, журналіста абвінавачваюць па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 2 арт. 430 («Атрыманне хабару»), ч. 2 арт. 130 («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці»), ч. 2 арт. 426 («Перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў»).

Падставай для пераследу журналіста, на думку калег Сацука, з'явіліся гучныя расследаванні, якія перадусім тычыліся маштабнай карупцыі ў медыцынскай галіне. На падставе здабытых фактаў ён расказаў пра беспрэцэдэнтныя «адкаты» за пастаўку дарагога абсталявання; закупку незарэгістраванай вакцыны, якую фактычна апрабоўвалі на беларускіх дзецях; фальсіфікацыю лічбаў распаўсюду COVID-19 у Беларусі. І ўсё гэта рабілася з ухвалення кантрольнага ведамства — Міністэрства аховы здароўя.

Перад тым як затрымаць па гэтай справе, на Сацука пачыналі іншую крымінальную справу па абвінавачванні ў атрыманні хабару. 25 сакавіка 2020 года Сяргей Сацук ужо затрымліваўся па ёй. Тады ж адбыліся і першыя ператрусы ў офісе «Ежедневник» і дома ў журналіста. 4 красавіка 2020 года генеральны пракурор Беларусі адмяніў рашэнне аб узяцці пад варту Сяргея Сацука, і яго вызвалілі.


19 кастрычніка на працэсе з удзелам Сяргея Сацука адбыліся фармальныя спрэчкі бакоў, якія ў палітычных працэсах звычайна маюць не самае прынцыповае значэнне. Да таго больш за тры тыдні суддзя Святлана Бандарэнка вывучала матэрыялы следства і заслухоўвала сведкаў.

Як расказалі службе маніторынгу БАЖ сваякі Сяргея Сацука, агалошванне прысуду прызначана на 26 кастрычніка ў адкрытым фармаце. І дадаюць, што на юрыдычны цуд з апраўдальным вынікам суда пры такім наборы крымінальных артыкулаў разлічваць наўрад ці даводзіцца. Адзінае што: на нейкіх незразумелых для шырокай грамады момантах падазраваны ў «злачынствах» журналіст зможа засяродзіцца ў сваім апошнім слове.

Cтала вядома, што пракурор запрасіў для Сяргея Сацука 8 гадоў пазбаўлення волі. Пра гэта «Народнай волі» распавялі блізкія Сяргея.

«Сяргей выглядае па вялікім рахунку нармальна, хаця праблемы з сэрцам нікуды не зніклі, яму ўвесь час патрэбны лекі. Стараецца трымацца бадзёра, каб падтрымаць нас, хаця мы, безумоўна, разумелі, што на апраўдальнае судовае рашэнне надзеі няма», — дадалі яны.

Прысуд журналісту Сяргею Сацуку агучаць 26 кастрычніка.