«Праявіў смеласць і грамадзянскую мужнасць». Адміністрацыя Лукашэнкі адказала крытыкам Азаронка

Падпісанты калектыўнага звароту супраць узнагароджання медалём «За адвагу» прапагандыста тэлеканалу «Сталічнае тэлебачанне» Рыгора Азаронка атрымалі адказы з дзяржаўных органаў, распавядае «Свабода».

maxresdefault_982i7.jpg

Ініцыятарам ліста стаў намеснік старшыні Асацыяцыі інвалідаў вайны ў Аўганістане, капітан запасу, інвалід II групы Барыс Дубоўскі, які ў пачатку 1980-х служыў у складзе савецкага кантынгенту ў Кандагары.

На яго перакананне, амаральна прыстаўляць да баявой узнагароды чалавека, які калі чым і адзначыўся, дык хіба «паліваннем брудам» апанентаў рэжыму.

Пры тым, што многія «воіны-інтэрнацыяналісты» незаслужана абдзеленыя ўвагай. Не кажучы пра дыскрэдытацыю памяці ветэранаў Айчыннай вайны, якія штодзённа рызыкавалі жыццём.

У адказах з Савету міністраў, Палаты прадстаўнікоў, рэдакцыі газеты «СБ. Беларусь сегодня» абмежаваліся дзяжурнымі адпіскамі.

А вось у лісце з прэзідэнцкай адміністрацыі дзейнасць тэлевядоўцы прыраўналі да «подзвігу», у звязку з чым уганараваньне лічаць цалкам заслужаным.

«Выконваючы сваю працу, журналіст Азаронак Р.Ю., праявіўшы смеласць і грамадзянскую мужнасць ва ўмовах, спалучаных з небясьпекай для здароўя, падвяргаючыся абразам яго гонару і годнасці, рэалізаваў права грамадзян на атрыманне апэратыўнай і праўдзівай інфармацыі пра грамадзка-палітычныя працэсы, якія адбываліся ў Беларусі ў 2020 годзе», — гаворыцца ў адказе начальніка галоўнага ўпраўлення працы са зваротамі грамадзян Рыгора Шлыка.

Чыноўнік таксама раіць падпісантам у выпадку нязгоды накіраваць свае прапановы ў Палату прадстаўнікоў аб карэляцыі закону «Аб дзяржаўных узнагародах».

Паказальна, што ў адказе з адпаведнай парламенцкай камісіі Барысу Дубоўскаму паведамілі, што прадстаўленнямі да дзяржаўных узнагародаў займаецца адміністрацыя прэзідэнта, таму ўсе пытанні варта адрасаваць туды.