Праекціроўшчык акумулятарнага завода пад Брэстам адклікаў дакументацыю з экспертызы
Паўторная экалагічная экспертыза павінна была завяршыцца 14 снежня. Новыя тэрміны яе правядзення пакуль невядомыя, піша Радыё Свабода.
Пра тое, што праекціроўшчык акумулятарнага завода «АйПауэр», які плануецца пабудаваць пад Брэстам, адклікаў праектную дакументацыю з паўторнай дзяржаўнай экалагічнай экспертызы, брэстскаму актывісту Дзям’яну Лепясевічу паведаміла 15 снежня падчас прамой лініі першы намеснік міністра прыроды і аховы навакольнага асяроддзям Ія Малкіна.
Паўторная дзяржаўная экалагічная экспертыза павінна была завяршыцца 14 снежня, паведамляе БелаПАН. Даты правядзення новай экспертызы пакуль невядомыя.
Па словах Малкінай, вынікаў паўторнай экспертызы няма, таму што актывісты даслалі на камісію дадатковыя матэрыялы.
Малкіна таксама паведаміла, што ў сувязі з заўвагамі Мінпрыроды «праектная арганізацыя будзе даваць тлумачэнні па экалагічных складніках» завода. Па словах чыноўніцы, Мінпрыроды прапанавала праектнай арганізацыі сустрэцца з грамадскімі актывістамі, якія выступаюць супраць будаўніцтва акумулятарнага завода ля Брэста. Пакуль невядома, ці такая сустрэча адбудзецца.
Пратэсты супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу працягваюцца са студзеня 2018 году. Яго праціўнікі сабралі каля 40 тысяч подпісаў супраць з'яўленьня ля абласнога цэнтру такой вытворчасці. На пачатку снежня актывісты былі на сустрэчы з міністрам прыроды і аховы навакольнага асяроддзя. Яна працягвалася больш за пяць гадзін.