Пра што нельга пісаць беларускаму журналісту
Блакаванне незалежных сайтаў, пільная ліквідацыя Onliner.by, DDOS атакі, выклікі ў пракуратуру ды суды над журналістамі — нервовыя паводзіны ўладаў у адносінах да беларускіх СМІ аналізуюць Паўлюк Быкоўскі і Андрэй Бастунец.
У дзень увядзення 30 %-ага падатку на набыццё валюты да тэмаў-табу беларускіх журналістаў дадалася эканоміка. Менавіта тады, калі людзі даведацца што адбываецца з валютаю ды выказаць усё, што
яны думаюць пра чыноўнікаў а таксама знайсці валюту на чорным рынку
«У Беларусі дзве траціны эканомікі ўсё ж такі кіруецца дзяржавай, а закрыць доступ да дзяржаўных прадпрыемстваў вельмі лёгка. Але тое, што адбываецца ля абменнікаў і ў крамах, усё роўна
не схаваеш. Калі людзі думаюць, што гэта адзінкавы выпадак, яны паступаюць адным чынам. Калі бачаць, што тэндэнцыя — паступаюць інакш», — кажа медыяэксперт
Паўлюк Быкоўскі.
Тэмы-табу беларускіх журналістаў
Паўлюк Быкоўскі заўважае, што летась былі хутчэй палітычныя перашкоды для працы рэдакцый, а эканамічныя артыкулы нікога так не раздражнялі. І называе яшчэ адну тэму, на якую беларускія
журналісты традыцыйна маўчаць — сям'я кіраўніка краіны.
На пытанне, ці бяспечна пісаць пра вайсковы патэнцыял нашай краіны, суразмоўца Belsat.eu узгадвае гісторыю пачатку 90-х. Тады ў шпіянажы абвінавацілі журналіста БелТА і журналіста
«Рэспублікі», бо яны перадалі ксеракопіі артыкулаў сваіх выданняў турэцкаму дыпламату. Уладам было трэба выслаць турэцкага дыпламата і толькі. На думку Быкоўскага, у гісторыі з
утрыманнем у следчым ізалятары КДБ вайсковага аглядальніка Аляксандра Алесіна можа адбывацца нешта падобнае.
Сацыялка? Таксама ні слова!
Журналіста «Белсату» Алеся Залеўскага пакаралі штрафам у 6 мільёнаў за матэрыял пра злоўжыванні і карупцыю ў сферы ЖКГ у Слоніме.
«У нармальнай сітуацыі дзяржава паставілася б да мяне як да партнёра ў той жа карупцыйнай справе — я дапамог! Паспрабаваў палепшыць наш дзяржаўны і грамадскі
стан рэчаў. Але ў выніку я атрымаў рэпрэсіі. Гэта відавочны сігнал, што пра гэта могуць пісаць і рабіць высновы толькі праваахоўнікі ці па ўказцы дзяржаўныя медыі», — кажа
Алесь Залеўскі.
І дадае, што паводле беларускіх уладаў, незалежныя медыі могуць пісаць «пра апазіцыянераў ці палітыкаў, якія сядзяць на грантах», але аніяк не пра праблемы простага чалавека. У
праціўным выпадку просты чалавек пачне сумнявацца ў аўтарытэце кіраўніцтва краіны.
У той жа час Паўлюк Быкоўскі мяркуе, што ў выпадку Алеся ўлады могуць негатыўна ставіцца да самой асобы журналіста, альбо СМІ ў якіх публікуецца матэр'ял, а не да зместу матэрыялаў. Тое ж
самае можна сказаць і пра некаторыя іншыя прысуды журналістам — магчыма, некаторых такім чынам хочуць прымусіць з'ехаць за мяжу, лічыць юрыст БАЖ Андрэй
Бастунец.
Інфармацыйная вайна. Хто выйграе?
Дык хто перамагае ў супрацьстаянні «журналіст-улада». Выглядае на тое, што дзяржава мае вялікую перавагу, але Андрэй Бастунец не згаджаецца:
«Кожны журналіст, кожная рэдакцыя абіраюць свой шлях. Зразумела, шмат хто прытрымліваецца галосных ці негалосных забаронаў. З іншага боку ёсць рэдакцыі, якія дастаткова жорстка і
адкрыта пішуць на гэтыя складаныя тэмы. Думаю, тут няма аднаго вернага адказу, ці атрымліваецца ўладам закрываць рот журналістам. У шэрагу выпадкаў атрымліваецца, а ў шэрагу
— не».
Атрымліваецца, адзіная тэма, на якую можна пісаць — афіцыйная палітыка Аляксандра Лукашэнкі. І тое, патрапіць на яго прэс-канферэнцыю ці іншую афіцыйную падзею,
незалежныя журналісты, якія не трапляюць у сціслы прэзідэнцкі пул, не могуць.
belsat.eu