Пра турызм можна забыць? Беларусам масава адмаўляюць у візах

Да таго, як здарыўся кавід, атрымаць шэнген не стварала праблем. Але цяпер беларусам трэба пастарацца, каб атрымаць звычайную турыстычную візу: нават пры выкананні ўсіх патрабаванняў не факт што дадуць.

Ілюстрацыйнае фота polsza.info

Ілюстрацыйнае фота polsza.info

З 4 верасня ў беларусаў зноў з'явілася магчымасць атрымліваць турыстычныя візы ў Польшчу. Візавыя агенцтвы кажуць, што з гэтага ж дня пайшлі адмовы ў выдачы віз, прычым не толькі турыстычных. «Медыязона» сабрала гісторыі беларусаў, якім адмовілі — што ім адказвалі візавыя цэнтры і як ацэньваюць сітуацыю агенцтвы, якія займаюцца афармленнем дакументаў для віз.

«Ходзяць чуткі, што хутка турыстычныя візы прыкрыюць»

З 4 верасня беларусы зноў могуць запісвацца на польскую турыстычную візу. Польшча прыпыніла выдачу гэтага тыпу віз для беларусаў з пачатку пандэміі ў 2020 годзе. У дакавідныя часы ў палякаў лёгка можна было атрымаць турыстычную візу на 3-5 гадоў. Пасля аднаго разавага польскага турыстычнага «шэнгена» ў пашпарце наступная віза была на год, потым на тры, і пасля можна было атрымаць пяцігадовую візу. Таму навіна пра вяртанне турыстычных віз выклікала вялікую цікавасць.

Анастасія з Пінска збіралася прыехаць на пару дзён у Познань па турыстычнай візе. У сярэдзіне верасня падалася на візу, перад гэтым забраніравала хостэл. Але 28 верасня дзяўчыне прыйшла адмова: праз «неадпаведнасць заяўленай мэты».

— Усім, хто падаваўся да 20 верасня на турызм, — адмовы. 90% [заявак] — адмовы, незалежна ад візавай гісторыі і даходу. Пасля 20 верасня [амбасады] сталі патрабаваць маршрутныя лісты, квіткі на мерапрыемствы, — расказвае Анастасія паводле сваіх назіранняў у тэматычных чатах, дзе дапамагаюць з лоўляй дат на падачу або складаннем апеляцыі на адмову.

Глядзіце таксама

Вікторыя планавала з'ездзіць на адпачынак у польскія Татры. Забраніравала гатэлі: на 4 дні ў Варшаве, 7 дзён у Кракаве і 9 дзён у Закапанэ. Да заявы на візу прыклала банкаўскую выпіску за 3 месяцы і рэшту на рахунку — 1000$, пасведчанне аб рэгістрацыі ІП і дэкларацыю за 6 месяцаў. Беларусцы прыйшла адмова праз «адсутнасць пацвярджэння мэты знаходжання».

У адным са сталічных візавых агенцтваў «Медыязоне» пацвердзілі, што тэндэнцыя адмоваў па турвізах для беларусаў ёсць:

— 4 верасня, як адкрыліся слоты на турыстычную візу, адразу пайшлі адмовы. Адмоваў вельмі шмат. А калі каму і ўхваляюць, то на разавую паездку. Такой «халявы», як была ў 2019 годзе, ужо не будзе. Даходзяць чуткі, што хутка турыстычныя візы «прыкрыюць».

Падобная гісторыя была ў Андрэя з Гродна: ён падаў дакументы на турыстычную візу ў гродзенскі візавы цэнтр. З пацвярджэнняў паездкі ў беларуса былі квіткі да Варшавы і назад, забраніраваны гатэль на 5 дзён. У канцы верасня яму прыйшла адмова праз «неадпаведнасць заяўленай мэты».

«Адмовы былі і да скандалу ў Польшчы»

7 верасня стала вядома, што ў польскім МЗС праходзіць праверка праз занадта вялікую колькасць выдадзеных замежнікам віз. Польскія СМІ пісалі пра карупцыйныя схемы, звязаныя з выдачай польскіх віз замежнікам з краін Афрыкі і Блізкага Усходу. Тады польскія дэпутаты заявілі, што з парушэннем правілаў за тры гады маглі выдаць 350 тысяч віз. Фірмы-пасярэднікі дапамагалі абыходзіць візавыя праверкі, кошт такой «гарантыі» — 4-5 тысяч долараў. МЗС Польшчы збіраецца разарваць кантракты з фірмамі, якія дапамагаюць з візамі і былі замяшаныя ў карупцыйнай схеме, але пакуль невядома, ці закране рашэнне «VFS Global» у Беларусі.

Беларускія візавыя агенцтвы расказалі «Медыязоне», што гэты канфлікт паўплываў на выдачу не толькі турыстычных віз. Напрыклад, Вікторыя з Гродзенскай вобласці вучылася ў польскай ВНУ, але пасля першага семестра забрала дакументы і паступіла ў іншую польскую ВНУ. Беларуска падалася на студэнцкую візу, прыклала даведку пра паступленне, банкаўскую выпіску і астатнія дакументы, якія патрабуе візавы цэнтр. Аднак ёй у канцы верасня прыйшла адмова аб выдачы візы праз «сумневы ў дакладнасці заяўленай мэты знаходжання».

— Адмовы былі і да скандалу ў Польшчы. Але цяпер адмовы ставяць, нягледзячы на аплачаныя броні гасцініц. Па дзелавых мэтах і раней былі адмовы, не такі вялікі працэнт, але былі. Па іншых мэтах — рэдкасць, — расказалі «Медыязоне» ў візавым агенцтве.

Падобная сітуацыя са студэнцкай візай была ў Віталіі. Дзяўчына падавалася ў Баранавічах і атрымала адмову праз «непацвярджэнне мэты знаходжання». Характэрна, што ў беларускі да гэтага ўжо былі дзве гадавыя студэнцкія візы.

Адмову па PBH-візе атрымала сям'я Станіслава з Мінска: ён атрымаў такую візу ў лістападзе, але пераезд сям'і ў Польшчу зацягнуўся, і блізкія падаліся на візу ў канцы ліпеня ў брэсцкае консульства.

— На пачатку жніўня атрымалі адмову па пункце «не абгрунтаваная мэта або ўмовы знаходжання» за подпісам міністра. Мяркуючы па ўсім, консул перанакіроўвае паперы ў Варшаву ў выпадку сумневаў. Усе, з кім я камунікаваў, у тым ліку «дапамагатары на запіс», пра адмовы ў падобных кейсах не чулі.

Станіслаў падаў апеляцыю ў консульства на перагляд рашэння і справу выйграў. Консул ухваліў візы для сям'і мінчука.

Глядзіце таксама

«Дафіга беларусаў ездзіць»

Адмовы па турыстычных візах прыходзяць не толькі ад польскага консульства. Мінчук Павел нядаўна праз турфірму хацеў зрабіць сабе візу ў Грэцыю. Турфірма займалася браніраваннем месцаў у гатэлі, аплатай пераезду і пералёту. У канцы верасня прыйшла адмова: «абгрунтаванне мэты і ўмоў знаходжання не былі прадастаўлены» і «інфармацыя пра мэту і ўмовах знаходжання ненадзейная».

— Але ў турфірме папярэджвалі, што без месца працы афіцыйнага або ІП могуць не даць. І на падачы докаў пыталіся гэта ж, — кажа Павел.

Глядзіце таксама

Ганна з Мінска расказала, што адмову атрымала ўся група: кампанія планавала паехаць на экскурсію ў Парыж у кастрычніку. Дакументы афармляла турфірма. У канцы беларусам паведамілі, што паездкі не будзе — консульства Францыі не прыняло дакументы на візы.

— Турагенцтва сказала, што ім у амбасадзе нібыта сказалі, што дафіга беларусаў ездзіць. Я не ведаю, што за «адмазка» такая дзіўная. Нам прапанавалі перазапісацца на студзень, — расказала Ганна.

— Мы не бачым усёй карціны па ўсіх агенцтвах і асабістых падачах заяўнікоў. Адмовы заўсёды былі і за апошнія паўтара месяца, паводле нашай суб'ектыўнай ацэнкі, пачасціліся па Польшчы, — пракаментавалі «Медыязоне» сітуацыю ў яшчэ адным буйным візавым агенцтве.