Польскі касцёл заклікае дапамагаць украінцам, запрашаючы сем’і з дзяцьмі на адпачынак.
Епіскапат касцёла ў Польшчы заклікаў вернікаў аказваць рэальную дапамогу жыхарам Усходняй Украіны. Напрыклад, запрашаць бацькоў з дзецьмі з ахопленых канфліктам тэрыторый на адпачынак у Польшчу.
Ксёндз Лешак Крыжа з Бюро дапамогі касцёлу на Усходзе зазначае, што важны любы час, нават кароткі, праведзены здалёк ад вайны. Гэта дазволіць дзецям і бацькам з Данецка ды Луганска хоць на нейкі час забыць пра траўмы, дадаў святар.
Асобы, якія хацелі б запрасіць да сябе на адпачынак сем’і з Украіны, могуць звяртацца у Бюро дапамогі касцёлу на Усходзе.
З гэтай формы падтрымкі ўжо скарысталася некалькі тузінаў асобаў з Данбасу. Працягваюць прыходзіць польскія сем’і, якія гатовыя прыняць пад свой дах людзей з Украіны.
Гэта не адзіная форма падтрымкі ўкраінцаў з боку касцёла ў Польшчы. Мясцовае аддзяленне Caritas сабрала і перадала сродкі на дапамогу пацярпелым на Майдане ды на летнікі для 1300 дзяцей з Украіны.
З сакавіка праходзіць сумесная акцыя з Польскай поштай “Сям’я — сям’і”, дзякуючы якой палякі могуць высылаць бясплатна перадачы з харчаваннем ды адзежай для ўкраінцаў.