Перайменаваць праспект Дзяржынскага ў праспект Адама Станкевіча
Мінскім уладам перададзены зварот аб перайменаванні праспекта Дзяржынскага ў праспект Адама Станкевіча.
Зварот, пад якім падпісаліся каля 100 чалавек, перадала ў Мінгарвыканкам і Мінгарсавет старшыня аргкамітэта па стварэнні рэспубліканскага дабрачынна-асветніцкага грамадскага аб'яднання "Сацыяльна-хрысціянскі рух" (СХР) Вольга Кавалькова.
"У адрозненне ад Дзяржынскага Адам Станкевіч — выбітны дзеяч беларускага адраджэння, святар, лідар беларускага руху 1920—1930-х гадоў, пісьменнік і рэдактар, навуковец і ідэолаг, кіраўнік Беларускай хрысціянскай дэмакратыі ў эпоху яе росквіту, — гаворыцца ў звароце. — Мы лічым, што менавіта такія асобы, як Адам Станкевіч, мусяць быць ушанаваныя ў назвах вуліц, праспектаў і плошчаў нашага горада".
Прадстаўнікі аргкамітэта СХР прыклалі да звароту біяграфію ксяндза Адама Станкевіча. "Надышоў час пазбаўляцца ад крывавай савецкай спадчыны ў назвах беларускіх гарадоў, вёсак і вуліц, а тым больш ад тых, якія звязаныя з пачынальнікам чырвонага тэрору", — пракаментавала ініцыятыву Кавалькова.
Ірына Турчына, БелаПАН