Павел Сапелка: Дзядку ствараюць невыносныя ўмовы

Вядомы беларускі адвакат не верыць у тое, што палітвязень з'яўляецца злосным парушальнікам рэжыму.



9f820adf84bf8a1c259f464ba89ea11f.jpg

Павел Сапелка

«Мікалая Дзядка спасцігла доля, досыць характэрная для палітвязняў, якім улада стварае невыносныя ўмовы для адбыцця пакарання. Я моцна сумняваюся ў тым, што Мікалай Дзядок, як і Зміцер Дашкевіч і Яўген Васьковіч, парушаў неяк рэжым настолькі, што трымаць іх можна толькі ў турме (па тэрміналогіі «крытка» і «турма» гэта адно і тое ж)», — распавёў сайту charter97.org беларускі адвакат Павел Сапелка.
Па словах юрыста, каб зняволенага перавялі з калоніі ў турму, ён павінен свядома і мэтанакіравана парушаць правілы ўтрымання і не падпарадкоўвацца патрабаванням адміністрацыі:
«Па сваёй практыцы я прыблізна ўяўляю, што павінен зрабіць чалавек і як ён павінен сябе паводзіць у калоніі, для таго, каб для далейшага пакарання трапіць у турму. Калонія — гэта такое месца, дзе наўрад ці ў кагосьці ўзнікае жаданне проста так парушаць правілы адбыцця пакарання. Звычайна ў турму трапляюць толькі тыя, хто цалкам свядома і мэтанакіравана вёў сябе такім чынам, каб быць «годным» такога віду зняволення».
Нагадаем, 4 снежня суд пастанавіў накіраваць палітвязня Мікалая Дзядка для далейшага адбыцця пакарання ў турму. Прычынай стала тое, што яго прызналі нібыта “злосным парушальнікам рэжыму. Раней падобнае ўзмацненне жорсткасці пакарання было прынята ў дачыненні да палітвязняў Зміцера Дашкевіча, Мікалая Статкевіча і Яўгена Васьковіча.
Мікалай Дзядок быў асуджаны па справе анархістаў разам з Ігарам Аліневіча і Аляксандрам Францкевічам. Іх абвінавацілі ў арганізацыі шэсця каля будынка Мінабароны, нападзе на казіно «Шангры Ла» і ізалятар на Акрэсціна, падпале дзвярэй філіяла «Беларусбанка» і нападзе на расійскую амбасаду.

spring96.org