Павел Севярынец: Агулам абаронцы Курапат маюць ужо больш за 100 сутак арышту
Палітык і былы палітвязень Павел Севярынец распавёў сайту palitviazni.info пра свае сустрэчы ў Курапатах і рэпрэсіі ў дачыненні да актывістаў.
“На наступным тыдні пачнем абыход дамоў на бліжэйшай да Курапатаў вуліцы Мірашнічэнкі, кажа суразмоўца. Таксама будзе адпраўлены ліст новаму прэм’ер-міністру Беларусі Сяргею Румасу. На гэты момант сабрана больш за 200 подпісаў…”
“Заўжды выбачаюся, што маю мала часу на сустрэчы, — напісаў Павел Севярынец на сваёй старонцы ў Фэйсбук. — Магу ўдзяліць то дваццаць хвілінаў на размову, то дзесяць, а то і менш. Але цяпер ёсць дзень, калі са мной можна размаўляць гадзінамі. І гэта серада, дзень БХД. Гэта Курапаты. Той, хто даўно хоча пагаманіць па душах, патлумачыць, чаму ўсё так кепска, альбо наадварот, добра, запрашаю. Прыдзіце, пагамонім. Заадно падтрымаеце курапацкую варту.Не абавязкова станавіцца, як той казаў, у пярэдні шэраг проста пабудзьце побач. Вось там і пагамонім на ўсю катушку.Далучайцеся!”
Са слоў палітыка, такі заклік гэта новы падыход па абароне Курапатаў.
“Калі мы нясем варту, там усяго некалькі чалавек, — кажа ён. — І самы час весці грунтоўныя гутаркі, таму што стаім ля рэстарана з 12.00 і да позняга вечара. Едуць у рэстаран адзінкі, і бывае, што цягам пяці гадзін наогул нікога няма. Натуральна, гэты час можна выкарыстаць больш эфектыўна. Можна абмеркаваць палітыку, літаратуру, партыйныя справы… Магу сказаць, што за тыя тры з паловай месяцы, што мы стаім на абароне Курапатаў, я знайшоў падчас такіх гутарак прынамсі чатырох новых сяброў. Людзі далучыліся да БХД і гэтаму паспрыяла курапацкая варта”.
Павел Севярынец дадае, што варта будзе стаяць як мінімум да Дзядоў, а 24 верасня адбудзецца адмысловая прэс-канферэнцыя па байкоце рэстарана.
“На наступным тыдні пачнем абыход дамоў на бліжэйшай да Курапатаў вуліцы Мірашнічэнкі, працягвае палітык. Таксама будзе адпраўлены ліст новаму прэм’ер-міністру Беларусі Сяргею Румасу. На гэты момант сабрана больш за 200 подпісаў”.
Суразмоўца адзначае, што рэпрэсіі ў дачыненні да абаронцаў Курапатаў працягваюцца:
“Асабіста я атрымаў за Курапаты тры разы па 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Агулам жа абаронцы Курапат ужо маюць больш за 100 сутак. Акрамя таго, людзям выпісваюць вялікія штрафы, і тут нават складана падлічыць агульную суму”.