Паўтара года абмежавання волі за адзін каментар пад фота міліцыянта ў «Аднакласніках»

Жыхарку Клімавічаў прызналі вінаватай у «публічнай абразе прадстаўніка ўлады ў сацсетках», паведамляе ПЦ «Вясна».

Клімавіцкі суд. Фота: spring96.org

Клімавіцкі суд. Фота: spring96.org


12 лістапада ў судзе Клімавіцкага раёна разглядалі справу 62-гадовай жыхаркі Клімавічаў Наталлі Кавалёвай. Па арт. 369 Крымінальнага кодэкса Беларусі жанчыну абвінавацілі ў «абразе прадстаўніка ўлады». Летась у «Аднакласніках» яна пакінула каментар з нагоды знешнасці міліцыянта Андрэя Камара.
Справу разглядала суддзя Таццяна Галапузава. Бок абвінавачвання падтрымлівала пракурорка Наталля Гапеева.
Прадстаўляць свае інтарэсы ў судзе Наталля Кавалёва вырашыла без адваката, удакладніўшы, што яе адмова ад абароны не звязаная з матэрыяльным становішчам.
Пацярпелы міліцыянт на пасяджэнне суду не з'явіўся, але даслаў заяву з просьбай разгледзець справу ў яго адсутнасць. Ён жа растлумачыў, што паказанні, дадзеныя ім падчас следства, ён падтрымлівае ў поўным аб'ёме, і што дадаць па справе яму няма чаго. Камар настаяў на прыцягненні абвінавачанай да крымінальнай адказнасці і заявіў пазоўнае патрабаванне ў памеры 1000 рублёў «у сувязі з тым, што пакінутым каментаром Наталля Кавалёва прынізіла і абразіла яго гонар і годнасць не толькі як прадстаўніка ўлады, але і як чалавека».
Пацярпелы падкрэсліў, што з-за каментара абвінавачанай падчас нясення сваёй службы ён неаднаразова сутыкаўся з нянавісцю і недаверам да яго з боку грамадзян.
Як паведаміла пракурорка, 29 траўня мінулага года, «прытрымліваючыся ідэі сацыяльнай нецярпімасці да прадстаўнікоў улады», Наталля Кавалёва публічна абразіла старшага ўчастковага інспектара міліцыі УУС Бабруйска капітана міліцыі Андрэя Камара ў «Аднакласніках».
Той самы каментар жанчына пакінула на старонцы адкрытага акаўнта карыстальніка Віктара Бабарава. На фота ў яго допісе быў Андрэй Камар, чыю знешнасць падсудная ў выніку і абразіла.
Паводле заключэння экспертаў, у тэксце каментара Наталлі Кавалёвай змяшчалася негатыўная ацэнка пацярпелага.
Падчас допыту падсудная цалкам прызнала сваю віну і расказала, што ў той дзень зайшла ў «Аднакласнікі» з тэлефона. На адной са старонак ўбачыла фотаздымак міліцыянта ў форме. Спачатку лайкнула пост, а потым «без задняй думкі» пад многімі іншымі каментарамі пакінула свой.
«Не ведаю. Я не магу растлумачыць прычыны. Праўда, не магу. Дур у галаву ўдарыла і ўсё. Не разумела, што абразлівы каментар», — патлумачыла жанчына.
«На сённяшні дзень раскайваецеся?» — спытала суддзя.
«Вельмі! Калі б вы ведалі, як я раскайваюся. Больш не магу», — адказала падсудная і расплакалася.
Таксама падсудная патлумачыла, што раней з пацярпелым яна знаёмая не была, асабістай непрыязнасці да яго ніколі не адчувала, а калі пакідала абразлівы каментар, не разумела, што здзяйсняе крымінальнае злачынства.
У якасці пакарання пракурорка папрасіла для падсуднай абмежаванне волі тэрмінам на паўтара года без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу, а таксама запатрабавала спагнаць на карысць пацярпелага маральную шкоду на суму 1000 рублёў і дзяржпошліну ў даход дзяржавы ў памеры 87 рублёў.
Падчас апошняга слова падсудная скрозь слёзы звярнулася да суду: «Паважаны суд, я зрабіла вялікае глупства. Прабачце мне. Не хацела я гэтага. Ну, выскачыла, ну, што ты зробіш? Прабачце, калі можаце».
Абвяшчэнне прысуду адбылося 15 лістапада.
Суд прызнаў Наталлю Кавалёву вінаватай у здзяйсненні злачынства па арт. 369 КК РБ («Абраза прадстаўніка ўлады») і прысудзіў да абмежавання волі тэрмінам на паўтара года без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу. На карысць пацярпелага Андрэя Камара суд спагнаў з Наталлі Кавалёвай маральную шкоду ў памеры 1000 рублёў, а таксама дзяржпошліну ў даход дзяржавы ў памеры 87 беларускіх рублёў. Мабільны тэлефон падсуднай як сродак злачынства суд канфіскаваў у даход дзяржавы.