Патрабуем спыніць пераслед нашых калег!
Заява ГА «БАЖ»
ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» рашуча пратэстуе супраць шматлікіх фактаў пераследу журналістаў і СМІ, якія адзначаюцца апошнім часам у Беларусі.
Улады краіны спрабуюць выкарыстаць любую нагоду, каб змусіць замаўчаць нешматлікія вольныя галасы, што засталіся на беларускім інфармацыйным полі. На жаль, не сталі выключэннем і трагічныя падзеі ў
Мінску 11 красавіка.
Толькі за апошнія дзесяць дзён:
Заява ГА «БАЖ»
ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» рашуча пратэстуе супраць шматлікіх фактаў пераследу журналістаў і СМІ, якія адзначаюцца апошнім часам у Беларусі.
Улады краіны спрабуюць выкарыстаць любую нагоду, каб змусіць замаўчаць нешматлікія вольныя галасы, што засталіся на беларускім інфармацыйным полі. На жаль, не сталі выключэннем і трагічныя падзеі ў
Мінску 11 красавіка.
Толькі за апошнія дзесяць дзён:
— Міністэрства інфармацыі вынесла пісьмовыя папярэджанні недзяржаўнай газеце «Наша Ніва» (14 красавіка) і «Народнай
волі» (15 красавіка);
— Папярэджанні ад пракуратуры і КДБ атрымалі «Наша Ніва» (19 красавіка), яе галоўны рэдактар Андрэй Скурко (18 красавіка), галоўны рэдактар інтэрнэт-газеты
«Салідарнасць» Аляксандр Старыкевіч (12 красавіка), галоўны рэдактар рэгіянальнай газеты «Бобруйский курьер» (за публікацыю ў блогу на сайце
«Белорусский партизан») Анатоль Санаценка (12 красавіка), галоўны рэдактар маланакладнай газеты «Вольны горад» (Крычаў) Сяргей
Няроўны (19 красавіка);
— Затрыманыя на сумнеўных падставах і прыцягнутыя да адміністратыўнай адказнасці сябры ГА «БАЖ» Вольга Карач, Павел Левінаў і Алег
Баршчэўскі (галоўны рэдактар газеты «Витебский курьер»). На некаторых з іх пасля затрымання склалі пратаколы пра «падазрэнні ў здзяйсненні тэракту 11 красавіка ў
мінскім метро».
З вуснаў дзяржаўных чыноўнікаў працягваюць гучаць пагрозлівыя выказванні на адрас журналістаў наконт прыцягнення іх да адказнасці за «скокі на касцях». Выглядае на тое, што так
улады расцэньваюць любыя каментары і версіі, якія з нейкіх прычын не задавальняюць афіцыйных асобаў.
Існуе рэальная пагроза таго, што гэтая сітуацыя будзе выкарыстана для абмежавання абарачэння інфармацыі ў інтэрнэце. Першымі трывожнымі сігналамі стала абмежаванне доступу да сайтаў
«Хартыя’97» і «Белорусский партизан». Міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі днямі заявіў, што надышоў час «заканчваць з безадказнасцю у блогах,
сацыяльных сетках і на іншых інтэрнэт-пляцоўках».
Гэтыя падзеі нельга разглядаць па-за кантэкстам той хвалі рэпрэсій супраць журналістаў, якія распачаліся ў краіне пасля 19 снежня 2010 года. Нагадаем, што шасцёра сябраў БАЖ абвінавачваюцца ў
крымінальных злачынствах — ўдзеле ў «масавых беспарадках» альбо арганізацыі «дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»: гэта Ірына
Халіп, Наталля Радзіна, Аляксандр Фядута, Сяргей Вазняк, Павел Севярынец і Дзмітрый Бандарэнка. Адзін
журналіст — Аляксандр Атрошчанкаў — ужо асуджаны на 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Сябра БАЖ Андрэй Пачобут абвінавачваецца ў паклёпе і знявазе прэзідэнта і
змешчаны ў турму да суда. Дагэтуль не вернутая прафесійная тэхніка, якую прадстаўнікі сілавых структур забралі ў рэдакцыйных офісах і прыватных кватэрах журналістаў у часе ператрусаў мінулай
зімой.
Пагрозы, папярэджанні, арышты і ператрусы — гэта не тыя метады, якія могуць павысіць прафесіяналізм і адказнасць прэсы.
ГА «БАЖ» рашуча пратэстуе супраць любых форм ціску на журналістаў і СМІ і патрабуе спыніць пераслед нашых калег!
Прынята Праўленнем ГА «БАЖ»
20.04.2011