Патоп на «Беларусьфільме»
Падобна, што «Беларусьфільм» вырашыў здымаць працяг «Сляды на вадзе. Эпізод 2». 27 лютага на кінастудыі прарвала сістэму ацяплення і затапіла 3 паверхі. Пра гэта паведаміла адна з відавочцаў з месца здарэння на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы.
Напрыканцы мінулага года дырэктар «Беларусьфільма» Ігар Поршнеў з гонарам рапартаваў пра завяршэнне знакамітай рэканструкцыі на кінастудыі. Студыя павінна была стаць адной з самых запатрабаваных кінапляцовак у СНД. Пры рамонце былі выкарыстаны сучасныя тэхналогіі — гукапаглынальны матэрыял сцен, супрацьпажарнае пакрыццё на столі, звышновая гукавая сістэма Dolby Atmos. Замоўцам было Міністэрства культуры, але пасля аднаго ўказу пра кіно выйшаў другі, а мадэрнізацыя доўжылася больш васьмі гадоў. На фінальнай стадыі поўны кантроль у свае рукі ўзяла дзяржава.
Але, відаць, гэта не ўратавала ад недахопаў, або чыёйсьці звычайнай халатнасці пры паспешлівым выкананні прац.
Інцыдэнт здарыўся у новым будынку — на складзе мэблі і складзе святлатэхнікі. Пры тым, што гэта ўжо трэці выпадак з затапленнем (два мінулых разы было з-за спрацоўванні пажарнай сігналізацыі).
Хто сочыць за тэмай, напэўна ўжо ў курсе пра нядаўнія чуткі, што дырэктар кінастудыі пакідае сваё месца. Пасля такога выпадку гэта можа быць больш верагодна, хаця і не факт.