Пасольства ФРГ перадало частку сваёй кніжнай калекцыі тром беларускім школам
У межах мерапрыемстваў ХХ Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу 7 лютага пасольства Германіі перадало ў дар частку сваёй кніжнай калекцыі, выстаўленай на нацыянальным стэндзе, тром
беларускім школам, якія ўдзельнічаюць у праекце паглыбленага вывучэння нямецкай мовы. Іх уладальнікамі сталі СШ № 45 Віцебска, СШ № 27 Бабруйска і СШ № 49 Гомеля.
Петэр Дэтмар. Фота С.Косціна, belmarket.by
У мінулым годзе гэтыя школы сталі ўдзельнікамі пілотнага праекта Мінадукацыі Беларусі і пасольства Германіі па садзейнічанні ў прасоўванні нямецкай мовы. Сутнасць праекта заключаецца ў тым, што
школьнікі пасля інтэнсіўнага моўнага курсу маюць магчымасць на базе школы здаць экзамен еўрапейскага ўзроўню складанасці В1/А2. Паспяхова пройдзены экзамен гарантуе атрыманне сертыфікацыйнага дыплома
замежнай мовы першай ступені.
Прадстаўнікі школ — удзельніц праекта прыбылі ў Мінск, каб атрымаць падарунак з рук намесніка кіраўніка місіі пасольства ФРГ у Беларусі Петэра Дэтмара.
"Я ўдзячны Мінадукацыі Беларусі за тое, што гэты праект атрымаў магчымасць для рэалізацыі, — адзначыў ён на цырымоніі. — Працягваючы добрую традыцыю, мы хацелі б адзначыць
тры гэтыя школы, уручыўшы іх прадстаўнікам у якасці падарунка частку нашай экспазіцыі. Зразумела, гэта толькі сімвалічная перадача, паколькі мы пакуль не можам зняць усе кнігі з экспазіцыі, таму
астатняя частка будзе перададзена пасля заканчэння выставы. Гэтыя кнігі не павінны быць пакутлівымі для вашых школьнікаў, яны павінны дастаўляць ім радасць і задавальненне ў вывучэнні нямецкай
мовы".
Дэтмар адзначыў, што жаданне, намеры і намаганні Германіі найболей шырока прадставіць нямецкую літаратуру застаюцца нязменнымі. "Штогод, рыхтуючы экспазіцыю, мы вызначаем цэнтральную тэму,
якой сёлета стала дзіцячая і маладзёжная літаратура", — падкрэсліў дыпламат.
У інтэрв'ю БелаПАН Дэтмар адзначыў, што на працягу многіх гадоў існуе традыцыя — перадаваць розным беларускім установам частку прадстаўленай кніжнай калекцыі стэнда нямецкага
пасольства. "Акрамя таго, наведвальнікі выставы, якія зацікавіліся той ці іншай кнігай, пасля яе заканчэння могуць атрымаць упадабанае выданне, мы імкнемся выконваць іх жаданні. Мы
вялікадушныя ў абыходжанні са сваёй калекцыяй", — растлумачыў прадстаўнік нямецкага пасольства.
Паводле слоў Дэтмара, сукупны кніжны рынак Германіі ацэньваецца ў 10 млрд. еўра ў год. Штогод выдаецца ў сярэднім да 100 тыс. кніг, з іх 85 тыс. — новыя кнігі, каля 15 тыс. —
перавыданні. "Я думаю, што гэтыя лічбы ілюструюць той факт, што кніга ў Германіі па-ранейшаму мае кан'юнктуру, а чытачоў у краіне звышдастаткова", — заявіў
дыпламат.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН