Парушэнні ў арганізацыі харчавання дзяцей выявіў КДК у школах Гомеля, Веткаўскага і Рагачоўскага раёнаў
Камітэт дзяржкантролю Гомельскай вобласці выявіў парушэнні падчас праверкі адзінаццаці агульнаадукацыйных устаноў, навучэнцы якіх забяспечваюцца бясплатным харчаваннем.
У школах зафіксаваны невыкананне прадпрыемствамі агульнага харчавання і спажывецкай кааперацыі ўстаноўленай нормы выхаду гатовай прадукцыі, тэхналогіі падрыхтоўкі, нястача харчовых прадуктаў,
разыходжанне фактычнай колькасці прыгатаваных страў з колькасцю дзяцей, якія сілкуюцца.
Як паведамілі БелаПАН у КДК Гомельскай вобласці, у Сталбунскай сярэдняй школе (Веткаўскі раён) пры праверцы выяўлена, што вага порцыі катлет, прыгатаваных для навучэнцаў, заніжана на
25–35 грамаў. У выніку кошт абедаў быў завышаны. Устаноўлена адсутнасць меню на дзень правядзення маніторынгу, нястача на харчаблоку мяса свініны ў 2,17 кг.
У сярэдняй школе № 67 Гомеля ў выніку невыканання норм закладкі прадуктаў (залішне выкарыстана 6,75 кг натуральнага мяса) і тэхналогіі прыгатавання стравы на канец дня было больш за дзесяць
кілаграмаў свіной смажанкі, ці 126 порцый. Акрамя таго, залішне прыгатавана 32 порцыі тварожнай запяканкі.
Рагачоўскім райспажыўтаварыствам 1 сакавіка не забяспечана гарачым харчаваннем 56 навучэнцаў Лучынскай сярэдняй школы. У выніку была скарочана працягласць урокаў, адменены заняткі ў групах
падоўжанага дня.
Падчас маніторынгу ў агульнаадукацыйных установах устаноўлена разыходжанне фактычнай колькасці прыгатаваных страў (паводле заяўкі) з колькасцю дзяцей, якія атрымліваюць хараванне, у сярэдніх
школах Гомеля №№ 45, 67 і сярэдняй школе № 1 Веткі.
Па выніках маніторынгу прыцягнутыя да дысцыплінарнай адказнасці шэсць чалавек.
Алена Германовіч, БелаПАН