Парад дзіцячых вазкоў у Пінску (фота)
Упершыню ў Пінску адбыўся парад дзіцячых вазкоў. Каля сарака сем’яў арганізаваным шэсцем прайшлі па гістарычнаму цэнтру сталіцы Палесся.
Акцыя адбылася ў межах святкавання Дня моладзі. Удзельнікі змагаліся за перамогу ў пяці намінацыях, якія падзяляліся на адлюстраванне нацыянальных традыцый, прафесій, гісторыі, касмічных выяваў ды анімацыю.
Чалец журы Мілана Баль прызналася, што не чакала такой фантазіі ад пінчан:
— Я вельмі здзіўлена тым, колькі ў нашых людзей фантазіі. Мне насамрэч было вельмі цяжка выбраць пераможца. Людзі прыклалі столькі намаганняў, каб упрыгожыць дзіцячыя вазкі. Бачна, што ўсе: і тата, і мама, і родныя — прыклалі руку да гэтага. Шмат дзіцячых вазкоў мне спадабалася.
Арганізатары параду дзіцячых калысак у Пінску паабяцалі, што паспрабуюць зрабіць мерапрыемства штогадовым. Дагэтуль аналагічныя мерапрыемствы ладзіліся ў Брэсце ды Мінску.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя, Пінск
Фота Констанцін Маславец, varjag.net