Памёр Андрэй Александровіч — галоўны рэдактар выдання «Беларусы і рынак»

У Варшаве заўчасна памёр галоўны рэдактар незалежнага выдання «Беларусы і рынак» Андрэй Александровіч. Пра гэта паведаміла медыя ў тэлеграм-канале.

aaa_1.webp

«Рэдакцыя «Беларусы і рынак» з жалем паведамляе пра раптоўную смерць галоўнага рэдактара выдання Андрэя Александровіча, — адзначаецца ў паведамленні. — Андрэй стаяў ля вытокаў сучаснай беларускай журналістыкі. Ён працаваў у БДГ, у Deutsche Welle, Thinktanks.

У апошнія гады Андрэй узначальваў газету «Беларусы і рынак». Яе выхад спынены на патрабаванне Мінінфарма ў снежні 2022 года.

Андрэю было 49 гадоў. Рэдакцыя выказвае спачуванні сям'і, калегам і сябрам».

Сябар Александровіча журналіст Севярын Квяткоўскі напісаў у сацсетках, што смерць выкліканая запаленнем падстраўнікавай залозы.

Александровіч пакінуў Беларусь у траўні 2023 года.

«Позірк» нагадвае, што 6 красавіка Мінскі гарадскі суд прыгаварыў да 4 гадоў пазбаўлення волі Канстанціна Залатых — дырэктара кампаніі “Медыярынак”, якая валодае выданнем “Беларусы і рынак”.

Залатых абвінавачвалі ў “распальванні сацыяльнай варожасці і варажнечы” (ч. 2 арт. 130 Крымінальнага кодэкса), “абразе прэзідэнта” (ч. 1 арт. 368), “абразе прадстаўніка ўлады” (арт. 369), “перавышэнні службовых паўнамоцтваў” (ч. 2 арт. 426).

18 траўня 2022 года Камітэт дзяржбяспекі затрымаў Залатых, Александровіча і бухгалтара Юлію Кахно. Александровіча і Кахно ў той жа дзень адпусцілі, Залатых змясцілі ў СІЗА.


Глядзіце таксама

23 ліпеня Міністэрства інфармацыі заблакавала доступ да сайта выдання “Беларусы і рынак” (belmarket.by) “па прычыне распаўсюджання на сайце выдання гіперспасылак на матэрыялы, якія прызнаны судом экстрэмісцкімі”. Сайт быў даступны за межамі краіны, аднак на ім абнаўляўся толькі раздзел навін.

1 снежня Мінінфарм ануляваў рэгістрацыю друкаванага выдання, якое выходзіла 32 гады.

Разам з тым 22 снежня 2022 года інфармацыйны рэгулятар разблакаваў сайт “БР” у сувязі з “усталяваннем факту адсутнасці парушэння заканадаўчых актаў”. Кампанія “Медыярынак”, якая выдавала штомесячнік, звязала гэта з тым, што рэдакцыя самастойна заблакавала “значную частку кантэнту”, перш за ўсё публікацыі аб палітычнай сітуацыі ў Беларусі.

Газета “Беларусы і рынак” была заснаваная ў снежні 1990 года як штотыднёвік “Беларускі рынак”. Цяперашнюю назву атрымала ў верасні 2005 года пасля ўказа Аляксандра Лукашэнкі “Аб дадатковых мерах па ўпарадкаванні выкарыстання слоў “нацыянальны” і “беларускі”. Апошнія гады выходзіла ў фармаце штомесячніка.