Адышла ў лепшы свет Ірына Капчынская
«Сапраўдная катастрофа», — так ахарактарызаваў сыход Ірыны Капчынскай у сваім фэйсбуку беларускі журналіст Алесь Чайчыц, які жыве ў Маскве.
Ірына Капчынская ўзначальвала Камітэт Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі Беларусаў Расіі па захаванні нацыянальнай культуры. Прычым не была чыноўнікам-тэарэтыкам, а сама кіравала фальклорным ансамблем «Кірмаш».
«Ірына Капчынская, — піша Чайчыц, — была фанат беларускага фальклёру, прычым не ў пластмасава-дажынкавым яго выглядзе, а ў яго сакавітай старажытнай напаўпаганскай аўтэнтыцы».
Капчынская ня ўдзельнічала ў беларуска-беларускіх сварах, была аднолькава далёкая і ад вайсковага афіцыёзу з «аўтаномій», і ад дэпрэсіўных рэшткаў беларускамоўнай грамады. Яна проста рупліва рабіла сваю працу, вышуквала магчымасці алічбоўваць якіясь гіганцкія фалькларыстычныя архівы, выступаць з канцэртамі — і за гэтую рэальную тытанічную працу яе і вымушаныя былі цаніць усе.
Асабліва яскрава тое, што Ірына Капчынская была масквічкай у трэцім, здаецца, пакаленні — прыкладам чалавека, які памятаў і дбаў пра свае карані, прынёс вялікую карысць радзіме сваіх продкаў.
Другога такога чалавека ў Маскве няма. І ёсць вялікае адчуваньне, што яна вельмі многага не паспела зрабіць. Вельмі, вельмі сумна».
Паводле Нашай Нівы