Паляванне на ведзьмакоў

Як ужо вядома, у ноч на 28 сакавіка з цягніка “Мінск-Масква супрацоўнікі беларускіх праваахоўных органаў у Оршы знялі старшыню Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку, лідара Беларускай партыі левых “Справядлівы свет Сяргея Калякіна і актывіста кампаніі “Еўрапейская Беларусь Аляксандра Атрошчанкава — былога палітвязня, прэс-сакратара кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2010 года Андрэя Саннікава.



ba51e6158bcaf80fd0d834950251e693.JPG

Як ужо вядома, у ноч на 28 сакавіка з цягніка “Мінск-Масква супрацоўнікі беларускіх праваахоўных органаў у Оршы знялі старшыню Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку, лідара Беларускай партыі левых “Справядлівы свет Сяргея Калякіна і актывіста кампаніі “Еўрапейская Беларусь Аляксандра Атрошчанкава — былога палітвязня, прэс-сакратара кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2010 года Андрэя Саннікава. Дзіўным чынам усіх трох палітыкаў вінавацяць у “дробным хуліганстве (артыкул 17.1 Кодэкса аб адміністратыўных правапарушэннях) — маўляў, апазіцыянеры лаяліся матам у купэ цягніка.   

Як высветлілася, Калякін, Лябедзька і Атрошчанкаў кіраваліся праз Маскву у Брусэль, дзе ў іх планаваліся сустрэчы з еўрапейскімі палітыкамі вельмі высокага ўзроўню. Усе трое ўжо сталіся “невыязнымі, то бок, гэтыя беларусы не могуць пакінуць тэрыторыю краіны праз заходнія межы. Цяпер сталася так, што і ўсходняя мяжа для іх фактычна робіцца неперасягальнаю, а беларускія “ўнутраныя органы палююць на апанентаў рэжыму ва ўсіх геаграфічных кірунках. Варта адзначыць, што ў суботу, 31 сакавіка, павінен адбыцца чарговы з’езд АГП. І вось існуе рэальная пагроза, што партыйны форум пройдзе без старшыні арганізацыі Анатоля Лябедзькі, бо яму могуць “прыпаяць пятнаццаць сутак адміністратыўнага арышту. “Новы час звязаўся з намеснікам старшыні АГП Львом Марголіным.

Леў Фёдаравіч, як вы ацэньваеце тое, што адбылося ў ноч на 28 сакавіка ў маскоўскім цягніку? Ці не адаб’ецца арышт Анатоля Лябедзькі на з’ездзе партыі, які мусіць адбыцца ў бліжэйшую суботу?

— Пачну адказ з другога пытання. Зрыву з’езда не адбудзецца ў любым выпадку, ён пройдзе дакладна ў вызначаны час і ў дакладна вызначаным месцы. Калі толькі не адбудзецца нейкіх іншых правакацый. Ва ўсялякім выпадку, з’езд АГП 31 сакавіка пройдзе абавязкова. Што да дзеянняў, якія ўчынілі ўлады, то гэта чарговы віток беззаконня. Дакладна так, як прадстаўнікам апазіцыі забаранілі выезд з краіны без усялякіх на тое законных падставаў, гэтак сама іх і знялі з цягніка без усялякіх законных абгрунтаванняў. Я думаю, што ніводзін цвяроза разважаючы чалавек не паверыць, што Калякін альбо Лябедзька лаяліся матам і парушалі грамадскі парадак. Прычым ноччу, у цягніку, наўпрост у купэ яны, бедныя, так мацюгаліся, што няшчасным пасажырам давялося нават выклікаць міліцыю! 
 
—  Ці станецца так, што апаненты ўлады не змогуць выехаць на Захад нават праз тэрыторыю Расіі?

— Такая спроба ўжо рабілася. І той факт, што іх знялі ў Оршы, відаць, ускосна сведчыць пра тое, што Расія не пайшла на тое, каб падтрымаць такія меры, паколькі яны, па-першае, відочна супрацьзаконныя. А па-другое, Расія, у адрозненне ад Беларусі, з’яўляецца сябрам Савета Еўропы, а там гэтую справу можна абскардзіць у судовым парадку. Так што такія спробы з боку беларускіх уладаў будуць працягвацца, але я, хоць і не на сто працэнтаў, але на восемдзесят упэўнены, што Расія наўрад ці падтрымае такую практыку.

— Што зараз прадпрымае АГП, каб вызваліць свайго лідара?

— Зрабіць нешта канкрэтнае мы зараз не можам. Але там пастаянна прысутнічаюць нашы людзі, у судзе дзяжураць сябры нашай Аршанскай арганізацыі, якія адсочваюць абстаноўку па ходу яе развіцця. Гледзячы па тым, што суд перанесены на 29 сакавіка, у вышэйшых сферах ідзе ўзгадненне, што рабіць далей. У нас жа часам бывае такое, што спачатку скажуць “А, а потым не ведаюць, што рабіць далей. У любым выпадку, мы адсочваем сітуацыю. 
 
— Ці не зменіцца парадак дня з’езда АГП, калі Анатоля Лябедзьку ўсё ж асудзяць па артыкуле 17.1 КаАП, што можа пацягнуць да пятнаццаці сутак адміністратыўнага арышту старшыні партыі? 

— Не. З’езд — гэта не штохвіліннае мерапрыемства, ён праходзіць раз на два гады, гэта дастаткова сур’ёзнае мерапрыемства, якое рыхтавалася дастаткова даўно. І пытанні, якія будуць абмяркоўвацца, дастаткова сур’ёзныя. Таму ніякіх змяненняў парадку дня не будзе, адзінае, што са справаздачным дакладам выступіць не старшыня партыі, а намеснік старшыні.