Палітвязня Вадзіма Нікалаева адправілі ў калонію за чатыры каментары
Палітвязню, якога ўтрымліваюць пад вартай ужо 7 месяцаў, прысудзілі два гады пазбаўлення волі за некалькі каментароў у інтэрнэце, паведамляюць праваабаронцы.
22 сакавіка Брэсцкі абласны суд вынес рашэнне па справе
палітвязня Вадзіма Нікалаева, якога абвінавачвалі ў здзяйсненні злачынства па
ч. 1. арт. 130 («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай
сацыяльнай варожасці або варажнечы»).
Вадзіма абвінавачвалі ў тым, што ў інтэрнэце ён заклікаў да
гвалту над міліцыянтамі, супрацоўнікамі пракуратуры і суддзямі — у
тэлеграм-чаце «П@нск 97%» размясціў чатыры паведамленні, якія і сталі прадметам
судовага разбіральніцтва. Пра якія менавіта паведамленні ідзе гаворка, не
паведамляецца.
«У размове ён таксама дзяліўся з удзельнікамі тэлеграм-чата парадамі аб тым, як заставацца ананімнымі ў інтэрнэце», — паведамілі пасля затрымання ў МУС.