Палітвязень Алег Груздзіловіч напісаў, як сустракалі Новы год на «Валадарцы»

Жонка зняволенага журналіста Свабоды Алега Груздзіловіча Мар'яна Груздзіловіч перадала ў рэдакцыю першы ліст мужа, які ён напісаў у 2022 годзе.

58676128_101.jpeg

Алег апісвае ў ім, як у СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску сустракалі Новы год.
«Мусік, прывітанне, цяпер ужо сапраўды з Новым годам. Як ты там яго сустракала? Мне было ў душы адзінока, адзінока без цябе, але віду я не падаваў, як, відаць, і іншыя ў камеры.
Вось як было тут: недзе а 8-й вечара прыходзіла праверка і заадно павіншавалі. Каля 9-й у нас быў самаробны торт з гарбатай/кавай. Крыху пагаманілі. Паслухалі зварот аднаго дзеяча да сядзельцаў камеры 89 – прыблізна як Ельцын гаварыў у 1999 годзе. Адбой. Хутка пачаліся громы феерверкаў, і гэтак хвалямі недзе да 4 раніцы. А ў 6 пад’ём. Але я ўсё ж больш-менш выспаўся.
Сёння 9-ы дзень на Валадарцы, але ўпершыню не ўдалося выйсці на прагулку. Чаму? Вярнулі правіла, што калі нехта не хоча ісці, дык не ідзе ўся камера. Такіх аказалася большасць. Спаслаліся на тое, што ўсю ноч ішоў дождж і ў дворыках для «выгулу» стаіць вада (можа, яно і праўда, дагэтуль быў снег). Таму і мне не ўдалося выйсці. У хлопцаў, відаць, настрой не той: некаторыя сядзяць больш за год, а я яшчэ поўны аптымізму. Таму давялося шпацыраваць гадзіну па камеры 3х5 м. Выходзяць тут прыкладна на гадзіну, таму ўзяў той час.
На шляху да прагулачных дворыкаў двойчы бачыў «прагулачную» аўчарку, але даволі мірную, і некалькі галубоў.
Яшчэ чулі праз акно ката, але ўбачыць яго немагчыма з прычыны канструкцыі вакна, якую цяжка назваць еўрапейскай.
А сёння раніцай чулі капеж. А яшчэ часам чуваць званы. А ў самую першую ноч на Валадарцы я пачуў цягнік, але цяпер, адсюль, яго няма.
У суботу і нядзелю лісты не прыходзяць і ад нас іх не забіраюць. А на гэтым тыдні дадасца да выходных яшчэ пятніца, бо святочны дзень!»
16 ліпеня 2021 года сілавікі прыбылі ў мінскі офіс Радыё Свабода, вырвалі камеры відэаназірання на паверсе і выламалі трое дзвярэй у офісе. Сканфіскавалі тэхніку. Таксама з ператрусам прыйшлі да Алега Груздзіловіча, якога пазалетась пазбавілі акрэдытацыі МЗС Беларусі. Яго затрымалі і пакаралі арыштам на 10 дзён. Ніякіх абвінавачанняў тады не выставілі.
Алега Груздзіловіча затрымалі паўторна 23 снежня і замянілі яму меру стрымання з абавязання яўкі на ўтрыманне пад вартай, перавялі ў СІЗА № 1 Мінска на вуліцы Валадарскага. 28 снежня прайшоў першы допыт Груздзіловіча. Следчыя выставілі яму абвінавачанне паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса — арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх.