Палітвязень Аляксандр Францкевіч трэці раз за год трапіў у штрафны ізалятар
Маці зняволенага анархіста з Наваполацку Тацяна Францкевіч збіраецца паехаць у Івацэвіцкую калонію разам з адвакатам, каб даведацца пра стан здароўя сына. У Аляксандра Францкевіча адна нырка, і маці непакоіцца, што знаходжанне ў ШЫЗА нанясе шкоду ягонаму фізічнаму стану.
Аляксандр Францкевіч
Тацяна Францкевіч распавяла, што ёй патэлефанаваў хлопец, які адбываў пакаранне ў Івацэвіцкай калоніі і нядаўна вызваліўся. І паведаміў, што Аляксандр быў змешчаны ў ШЫЗА на 10 сутак за адмову выконваць распараджэнне адміністрацыі Івацэвіцкай калоніі па прыборцы тэрыторыі. Такая праца сярод зняволеных лічыцца зневажальнай.
Праз два дні тэрмін дадатковага пакарання скончыцца, і са зняволеным Аляксандрам Францкевічам збіраецца сустрэцца адвакат.
"Калі ўсё атрымаецца, як запланавана, я паеду ў калонію разам з адвакатам. Я проста не ўсяджу дома, у Наваполацку, — хачу адразу даведацца, як самаадчуванне сына", — кажа Тацяна Францкевіч.
Яна лічыць, што ціск на яе сына тлумачыцца імкненнем адміністрацыі калоніі зламаць яго маральны дух. За мінулы год Аляксандра Францкевіча змяшчалі ў ШЫЗА ўжо тройчы. Першы раз, у жніўні гэтага года, яго таксама абвінавацілі ў непадпарадкаванні распараджэнням адміністрацыі. Другі раз, у лістападзе, — за адмову з'явіцца на рэжымнае мерапрыемства.
Маці радуецца хіба толькі таму, што на Новы год Аляксандр Францкевіч ужо будзе ў адносна прымальных умовах — тэрмін знаходжання ў карцэры ўжо выйдзе. Свае навагоднія віншаванні і пажаданні сыну Тацяна Францкевіч перадае праз Радыё Свабода: яна адна з удзельніц серыі перадач "Мы вас чакаем" . Гэтыя перадачы — відэазвароты да палітвязняў, дзе сваякі распавядаюць пра свае сямейныя навіны за мінулы год і віншуюць са святамі тых, хто зараз за кратамі.
У траўні мінулага года Аляксандр Францкевіч быў асуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі па "справе анархістаў". Яго абвінавацілі ў падпале шэрагу дзяржаўных устаноў, а таксама ва ўзломе сайта Наваполацкага гарвыканкама. На судзе сваёй віны ён не прызнаў. Палітвязень адбывае пакаранне ў Івацэвіцкай калоніі ўзмоцненага рэжыму "Воўчыя норы".